Беларусізацыя 2.0: ці можа расейская пагроза спрыяць беларусізацыі

2 сакавіка 2019 года Аляксандр Лукашэнка правёў сваю штогадовую канферэнцыю з журналістамі. Так званая «Вялікая размова» доўжылася сем гадзін. Прэс-сесія з прэзідэнтам у рэжыме марафона ўдакладніла і адначасова размыла афіцыйныя пазіцыі па пытаннях бяспекі, больш цеснай інтэграцыі з Расіяй і расійскай прапаганды ў Беларусі.

У той жа час, у кантэксце нядаўніх дыскусій пра патэнцыйную анэксію Беларусі Расіяй, публічныя заявы Лукашэнкі пра важнасць захавання нацыянальнай мовы і спадчыны сталі больш частымі. Напрыклад, Лукашэнка сцвярджаў: «Калі вы народ, то павінны мець сваю ўласную мову». У апошнія месяцы прэзідэнт публічна выступіў на беларускай мове, заклікаў грамадзян не забывацца пра Вялікае Княства Літоўскае, а таксама заявіў, што беларускі суверэнітэт не будзе пакутаваць ад шантажу і газавых спрэчак.

Палітыка беларусізацыі можа апынуцца вырашальнай у стрымліванні  «рускага свету» і абароне суверэнітэту Беларусі. Аднак сімвалічная беларусізацыя пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, накіраваная на знешнепалітычных актораў, можа аказаць негатыўны ўплыў на беларускую мову і культуру. Замест сапраўднай беларусізацыі і распаўсюджвання беларускай мовы, такая палітыка толькі абуджае расійскую прапаганду і далей спрыяе дамінаванню рускай мовы ў адукацыі, судовай сістэме і сродках масавай інфармацыі.

Абмежаваны ўплыў беларускай мовы

Тым часам русіфікацыя беларусаў актыўна працягваецца. Паводле дадзеных Даследчага цэнтра ІПМ за 2018 год, толькі 2,2% беларусаў размаўляюць па-беларуску дома. Паводле нядаўна апублікаваных дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года (раней не публікаваліся), стан беларускай мовы пагоршыўся. Апошнія дадзеныя паказваюць, што толькі 57,4% беларусаў назвалі тытульную мову (беларускую) у якасці роднай. Пры далейшым русіфікацыі, колькасць носьбітаў беларускай мовы можа значна скараціцца, аб чым засведчаць дадзеныя наступнага перапісу ў 2019 годзе.

Хуткая русіфікацыя беларусаў адбываецца ў асноўным праз рускамоўныя СМІ. Тры з дзевяці тэлевізійных каналаў у стандартным тэлепакеце —  непасрэдна расійскія, а ўсе астатнія выкарыстоўваюць рускую мову ў якасці асноўнай. Больш за тое, Беларусь купляе большасць тэлевізійных шоў у Расіі і транслюе іх нават на сваіх беларускіх тэлеканалах.

Расійская прапаганда мае шырокі ўплыў праз расійскія тэлеканалы са стандартнага тэлепакета. Маніторынг Беларускай асацыяцыі журналістаў паказвае, што паняцці «рускага свету» прасоўваюцца праз расійскія тэлевізійныя шоў як палітычнага, так і непалітычнага характару, якія транслююцца па дзевяці  афіцыйных тэлеканалах Беларусі.

На якой мове беларусы размаўляюць дома? Крыніца: belstat.gov.by

Хоць эксперты працягваюць казаць пра так званую «мяккую» беларусізацыю ў культурных і забаўляльных сектарах, выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржаўных і адукацыйных установах працягвае падаць. Фестывалі вышыванак, культурныя мерапрыемствы і рост выкарыстання беларускай мовы ў бізнесе хутчэй сведчыць пра цікавасць да мовы, а не пра пашырэнне яе ўжывання.

Акрамя русіфікацыі адукацыйнай сістэмы, рост цікавасці моладзі да беларускай мовы канкуруе з уцечкай мазгоў. 2018 год адзначаны рэкордам —  каля 11 тысяч беларусаў афіцыйна эмігравала на працу ў іншыя краіны. Паводле Міхаіла Мясніковіча, старшыні Савета Рэспублікі, амаль 95 тысяч беларусаў афіцыйна працуюць за мяжой. У такой сітуацыі, англійская і польская мовы выглядаюць больш прывабнымі для беларусаў, якія эмігруюць у Польшчу і іншыя краіны.

Мяккая беларусізацыя: знешняя палітыка, а не ўнутраны курс

25 сакавіка 2018 года ў Мінску адбылося адно з самых вялікіх святкаванняў Дня Волі, арганізаванае на грошы, сабраныя з дапамогай краўдфандынгу. Асаблівасцю мерапрыемства стала тое, што ўлады ўхвалілі святкаванне — у адрозненне ад многіх іншых мерапрыемстваў, арганізаваных апазіцыйнымі лідэрамі ў мінулым. Такім чынам, стагоддзе БНР стала яшчэ адной прыкметай «мяккай беларусізацыі» і дало надзею на невялікую лібералізацыю ў краіне.

У гэтым годзе актывісты ўжо падалі заяўку святкаванне Дня Волі на стадыёне Дынама, які ўлады рыхтуюць да Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Аднак, улады адхілілі заяўку з-за запланаваных на стадыёне канцэртаў. Адначасова беларускаму поп-спеваку Аляксандру Саладусе дазволілі правесці канцэрт на Дынама. Некаторыя апазіцыйныя актывісты разглядаюць гэта як спробу абмежаваць іх магчымасці правесці свята на Дынама. У дадатак, Лукашэнака адзначыў,  што не бачыць сэнсу ў святкаванні БНР 101 у цэнтры горада.

Хоць ціск на апазіцыю і ініцыятывы, якія атаясамляюць сябе з нацыянальнай ідэяй працягваецца, Лукашэнку гэта не спыняе ад разыгравання моўнай карты, калі яму гэта выгодна. Напрыклад, 9 студзеня Аляксандр Лукашэнка зрабіў частковую прамову на беларускай мове. Раней Лукашэнка ўжо выступаў па-беларуску, напрыклад, у 2014 годзе.

Дзень Волі 2018. Крыніца: Euroradio.fm

Выступ на беларускай мове, у спалучэнні з вострымі заявамі Лукашэнкі падчас руска-беларускай газавай спрэчкі абудзілі расейскую прапагандысцкую машыну. Расейскія СМІ пачалі распаўсюджваць інфармацыю кшталту «беларускія нацыяналісты плануюць разбурыць краіну» і «Лукашэнка здрадзіў Расіі».

Падчас «Вялікай размовы» Лукашэнка заўважыў, што ён не разумее, чаму Расія спрабуе распаўсюдзіць ідэалогію «рускага свету» на Беларусь, бо «беларусы і  так ужо думаюць, як рускія, і размаўляюць з імі на адной мове».

Варта заўважыць, што Лукашэнка разыгрывае моўную карту ў тых выпадках, калі хоча супакоіць прыхільнікаў нацыянальнай ідэі і паказаць, што ён не спрабуе русіфікаваць Беларусь. Аналагічна Лукашэнка разыгрывае моўную карту ў стасунках з Расіяй: такім чынам ён дэманструе беларускі суверэнітэт. Аднак, так ці інакш, Лукашэнка выкарыстоўвае моўную карту выключна на карысць свайму рэжыму, і наўрад ці гэта мае прамое дачыненне да палітыкі беларусізацыі.

Сапраўдная беларусізацыя замест імітацыі

Зварот Лукашэнкі наконт важнасці захавання нацыянальнай мовы і культуры выглядае як спроба ўзмацніць свае пазіцыі за кошт прыцягнення падтрымкі з боку апазіцыйных сілаў у выпадку агрэсіі Расіі. Акрамя таго, Лукашэнка імкнецца да змяншэння негатыўнай рыторыкі ў сувязі са сваёй нядаўняй заявай балатавацца на пасаду прэзідэнта і адначасова хоча прадставіць сябе як прыхільніка беларускай незалежнасці, мовы і культуры.Такім чынам, прэзідэнт, магчыма, разлічвае, што на фоне ціску з боку Расіі ён зможа прыцягнуць падтрымку з боку тых выбаршчыкаў, якія ніколі за яго раней не галасавалі.

Хоць станоўчая рыторыка ў дачыненні да беларускай мовы стала больш заўважнай, інвестыцый ў папулярызацыю беларускай мовы ў сферах адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі відавочна не хапае. Фактычна, беларусізацыя ператвараецца ў палітычны інструмент, а не грамадскі рух. Калі рэжым імкнецца стрымаць уплыў расійскай прапаганды, то  палітыка беларусізацыі ў першую чаргу павінна засяродзіцца на сапраўдных рэформах ва ўсіх сферах, а не толькі на сімвалічных кроках.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *