Раўнапраўнае функцыянаванне дзяржаўных моў як фактар гарманічнага развіцця грамадства

Панэль «Раўнапраўнае функцыянаванне дзяржаўных моў як фактар гарманічнага развіцця грамадства», Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі”. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2020)

Мадэратар: Кірыл Гарошка, Цэнтр Астрагорскага

Вольга Зелянко, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі РБ

Вольга Зелянко

Задача майго выступу – даць агульную характарыстыку стану двухмоўя ў сённяшняй сістэме адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Асноўны нарматыўны дакумент, які рэгулюе дзейнасць, функцыянаванне і развіццё сістэмы адукацыі, – гэта Кодэкс аб адукацыі. У адпаведнасці з 2-м артыкулам гэтага кодэкса адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі з’яўляецца забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моў.

Асноўнымі мовамі навучання і выхавання ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца нашы дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Адпаведна, у сістэме адукацыі вылучаюць установы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання і ўстановы з рускай мовай навучання і выхавання.

Дзяржава гарантуе сваім грамадзянам права выбару мовы навучання і выхавання. І, адпаведна, стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. У прыватнасці, у артыкуле 90 Кодэкса аб адукацыі зафіксавана, што мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам жаданняў саміх навучэнцаў або іх законных прадстаўнікоў, калі гэтыя навучэнцы непаўналетнія.

Вывучэнне абедзвюх дзяржаўных моў, як беларускай так і рускай, для большасці навучэнцаў з’яўляецца абавязковым пачынаючы з дзіцячага садка. Ёсць выключэнні для замежных грамадзян і для некаторых навучэнцаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. На наступных узроўнях адукацыі – прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі – вывучэнне беларускай мовы таксама з’яўляецца абавязковым.

Як забяспечваецца гэтае права грамадзян на выбар мовы навучання і выхавання? Па-першае, у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі гэтае права гарантуецца развіццём сеткі ўстаноў адукацыі або асобных класаў і груп у гэтых установах з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. Па-другое, дзяржава забяспечвае навукова-метадычным забеспячэннем адукацыйнага працэсу. Маецца на ўвазе нарматыўна-прававое забеспячэнне, распрацоўка і выданне вучэбных праграм, вучэбных дапаможнікаў, метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў як на беларускай, так і на рускай мовах.

Што да Нацыянальнага інстытута адукацыі, які я прадстаўляю, мы якраз займаемся распрацоўкай навукова-метадалагічнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

Зараз мы разгледзім працу інстытута на двух узроўнях: дашкольная і агульная сярэдняя адукацыя.

Мы разумеем пэўную складанасць і ўнікальнасць моўнай сітуацыі ў Беларусі, якая характарызуецца блізкароднасным беларуска-рускім білінгвізмам. Усе людзі, нават тыя, хто не мае педагагічнай адукацыі, разумее, што ў сувязі з такой моўнай сітуацыяй у працэсе навучання і выхавання ва ўстановах адукацыі патрабуецца стварэнне спецыфічнага адукацыйнага асяроддзя і адмысловая арганізацыя адукацыйнага працэсу. Гэта абумоўлена неабходнасцю засваення вучнямі і выхаванцамі дзвюх дзяржаўных моў. З гэтай мэтай у абноўленую вучэбна- праграмную дакументацыю адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі сёння ўнесены пэўныя змены.

У нас ёсць дзіцячыя садкі з рускай мовай навучання і выхавання і дзіцячыя садкі з беларускай мовай навучання і выхавання. Усе гэтыя садкі працую па пэўных вучэбных праграмах. Вучэбная праграма адна, але там ёсць спецыфічныя адукацыйныя галіны – “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”. Вось гэтая адукацыйная галіна прадугледжана для засваення ў дзіцячых садках з рускай мовай навучання і выхавання. А адукацыйная галіна “Развитие речи и культура речевого общения» прадугледжана для засваення ў дзіцячых садках з беларускай мовай навучання і выхавання. Адпаведна, ёсць тыпавы вучэбны план, у якім выдзелена пэўная колькасць гадзін на засваенне вось гэтых адукацыйных галін.

Але тыя, хто працуе ў гэтых установах адукацыі, усю сваю работу на працягу ўсяго дня ўмоўна падзяляюць на рэгламентаваную і нерэгламентаваную дзейнасць. Вучэбным планам рэгламентуецца колькасць гадзін, якая рэалізуецца ў спецыяльных умовах, на спецыяльных занятках. Гэта называецца рэгламентаваная вучэбная дзейнасць.

Нерэгламентаваная адукацыйная дзейнасць – гэта прагулкі і працэс камунікацыі не на спецыяльных занятках. І выхавальнік, улічваючы адукацыйныя патрэбы дзяцей, мае права дапаўняць тыя звесткі, якія дзеці атрымалі падчас рэгламентаванай навучальнай дзейнасці. Адпаведна, вывучаюць у дзіцячых садках і з рускай, і з беларускай мовай навучання і беларускую, і рускую літаратуру. Усё гэта зафіксавана ў вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі сітуацыя вельмі падобная. Ёсць тыпавы вучэбны план для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. І вось у гэтым вучэбным плане абсалютны парытэт для рускай і беларускай моў. Колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў аднолькавая.

Больш за тое, вучэбным планам прадугледжаны, акрамя абавязковага кампанента, так званы варыятыўны кампанент. Гэта факультатыўныя заняткі, якія распрацаваны і на беларускай, і на рускай мове. Таксама распрацаваны не толькі вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, а цэлыя вучэбна-метадычныя комплексы, якія ўключаюць і праграму, і дыдактычныя матэрыялы для вучняў, і метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў. Тыпавым планам прадугледжаны так званыя стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі. Гэта заняткі, якія праводзяцца з улікам індывідуальных патрэб канкрэтных вучняў.

Акрамя таго, па ўсіх вучэбных прадметах выдаюцца вучэбныя дапаможнікі на абедзвюх мовах. Гэта абавязковае патрабаванне, таму што ў нас ёсць установы агульнай сярэдняй адукацыі як з рускай, так і з беларускай мовай навучання і выхавання.

Таксама Міністэрствам адукацыі ўжо як два гады вучням прадстаўлена магчымасць пачынаючы з восьмага класа выбіраць вывучэнне любога вучэбнага прадмета, у тым ліку беларускай і рускай мовы, на павышаным узроўні ў межах агульнай колькасці гадзін, вызначаных санітарнымі правіламі і нормамі.

Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны

Алена Анісім

У 1991 годзе быў прыняты Закон аб мовах, у якім беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай мовай. Быў замацаваны адпаведны статус у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. У сферы адукацыі ў гэты перыяд большасць школ мела статус устаноў адукацыі з беларускай мовай навучання. Калі б гэты стан захоўваўся, то сёння сітуацыя з беларускай мовай у нас была б такая, як у Польшчы з польскай, у Францыі з французскай і ў Расіі з рускай мовай.

Аднак пасля рэферэндуму 1995 года ў нашай краіне былі абвешчаны дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская. Нягледзячы на юрыдычны аспект роўнасці моў, на практыцы гэта пераўтварылася ў дыскрымінацыйны стан беларускай мовы. Родная мова шматлікіх пакаленняў беларусаў знікала з інфармацыйнай прасторы, імкліва губляла свае пазіцыі ў сферы адукацыі, паступова сыходзіла з заканатворчай дзейнасці.

Грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” па сваёй штодзённай дзейнасці адчула незадаволенасць такой сітуацыяй па шматлікіх зваротах не толькі сваіх сяброў, членаў арганізацыі, але і іншых грамадзян. З улікам таго, што ў Беларусі адсутнічалі і адсутнічаюць да гэтага часу ўстановы вышэйшай адукацыі на беларускай мове навучання, быў ініцыяваны збор подпісаў грамадзян з патрабаваннем адкрыць універсітэт з беларускай мовай навучання. Пад гэтай ініцыятывай у канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя і на пачатку гэтага стагоддзя падпісалася звыш 55 тысяч чалавек. Аднак ніякіх захадаў у гэтым кірунку з боку дзяржавы зроблена не было.

Сёння права на адукацыю на роднай мове для сваіх дзяцей бацькі павінны падмацоўваць спецыяльнымі захадамі: пісаць адмысловую заяву, падбіраць школу, пісаць адпаведныя абвесткі і шукаць бацькоў-аднадумцаў, для таго каб забяспечыць запаўняльнасць у класе.

Такі стан рэчаў зусім не адпавядае духу дзяржаўнага двухмоўя. Сябры нашай арганізацыі час ад часу на сваіх мерапрыемствах, круглых сталах і канферэнцыях абмяркоўвалі канкрэтныя сітуацыі і канстатавалі пагаршэнне стану дзяржаўнасці беларускай мовы ў многіх сферах грамадскага жыцця. Асаблівую занепакоенасць выклікае сітуацыя ў адукацыі, інфармацыйнай прасторы і заканадаўстве.

У сувязі з гэтым наша арганізацыя распрацавала сваю стратэгію дзейнасці ў ХХI стагоддзі. Згодна з гэтым дакументам, ТБМ запачаткавала стварэнне спадарожнікавага каналу з вяшчаннем на беларускай мове, выдала некалькі размоўнікаў (англійска-беларускі, беларуска-англійскі, беларуска-шведскі і шведска-беларускі), ініцыявала пераклад правілаў дарожнага руху на беларускую мову. Дзякуючы апошняй ініцыятыве кожны ахвотны сёння мае магчымасць вывучаць ПДР і рабіць праверку іх ведання на беларускай мове. Але, на жаль, пакуль яшчэ не зацверджана права здаваць экзамены на беларускай мове ў дзяржаўтаінспекцыях.

Ужо звыш 15-ці гадоў у Беларусі 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, які заснаваны па рашэнні ЮНЕСКА. Адной з традыцыйных форм святкавання для нашай арганізацыі з’яўляецца правядзенне ў гэты дзень агульнанацыянальнай дыктоўкі. Як правіла, яна праходзіць у некалькі этапаў і можа ахопліваць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек па ўсёй краіне.

Асобнай увагі заслугоўвае ініцыятыва па ажыццяўленні праекта па распрацоўцы курса “Беларуская мова як замежная”. Невялікім калектывам на працягу года пры нашай арганізацыі былі распрацаваны і выдадзены 6 кніг-тэстаў для ацэнкі валодання беларускай мовай. Гэтыя кнігі запатрабаваныя многімі выкладчыкамі, якія працуюць са студэнтамі, ці іншымі грамадзянамі, якія маюць намер вывучаць беларускую мову як замежную. Я лічу, што сёння ўжо варта задумацца над тым, каб рэальна стварыць цэнтр для выдачы сертыфіката на веданне беларускай мовы.

15 сакавіка 2018 года па рашэнні Рады ТБМ быў зарэгістраваны Універсітэт імя Ніла Гілевіча як прыватная ўстанова вышэйшай адукацыі з навучаннем на беларускай мове. На сённяшні дзень дзейнасць універсітэта ажыццяўляецца па некалькіх кірунках – праводзяцца курсы па асобных прадметах, распрацоўваюцца і выдаюцца падручнікі, а таксама вучэбна-метадычныя комплексы. Ужо пададзены дакументы на атрыманне ліцэнзіі на ажыццяўленне набору студэнтаў на асобныя спецыяльнасці для іх далейшага навучання на беларускай мове.

Можна яшчэ шмат распавядаць пра разнастайныя ініцыятывы і праекты, якія ажыццяўляюць розныя грамадскія арганізацыі, а таксама асобныя актывісты. Гэта дзейнасць курсаў для дзетак, распрацоўка і выданне разнастайных дыскаў і кніг з музычнымі творамі беларускамоўных аўтараў. З пашырэннем IT-тэхналогій з’явілася шмат людзей, якія ствараюць праграмныя прадукты на беларускай мове альбо перакладаюць іх на беларускую мову. Усё гэта робіцца ў грамадскім сектары, таму кожны дзень у нас з’яўляецца шмат новых ініцыятыў і ідэй.

Пры ўсім гэтым мы мусім зазначыць адсутнасць у дзяржаўнай палітыцы рэальных планаў па выпраўленні сітуацыі з выкарыстаннем беларускай мовы, што не спрыяе пашырэнню яе выкарыстання. Наадварот, сёння мы мусім зазначыць, што моўны дысбаланс дрэнна адбіваецца на дзяржаўным суверэнітэце.

І як бы нам ні хацелася, намаганнямі толькі грамадзянскай супольнасці наўрад ці ўдасца вярнуць беларускую мову ў сферу афіцыйнага ўжытку і забяспечыць ёй поўнафункцыянальны статус. Толькі канкрэтныя меры на самым высокім дзяржаўным узроўні могуць вярнуць мове тытульнай нацыі нашай краіны яе натуральнае выкарыстанне ў штодзённым жыцці.

Ганна Кулеш, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Ганна Кулеш

Выбар асвятлення тэмы выкарыстання беларускай мовы ў сферы заканадаўства прадыктаваны тым, што выкарыстанне мовы ў гэтай сферы пацвярджае яе рэальны стан і статус. Не статус дэ-юрэ, які мае беларуская мова ў нашым заканадаўстве, а статус дэ-факта. Па тым, як выкарыстоўваецца беларуская мова ў юрыдычнай сферы, мы можам меркаваць аб тым, на колькі рэальны яе статус.

Трэба канстатаваць, што ў Беларусі выкарыстанне беларускай і рускай моў у юрыдычнай сферы мае альтэрнатыўны парадак. Гэты парадак замацаваны на заканадаўчым узроўні. “І (або)” у Законе аб мовах і ў Законе аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой альтэрнатыўны парадак функцыянавання беларускай мовы ў афіцыйнай сферы. Гэты парадак не гарантуе рэалізацыю гарманічнага двухмоўя, гарантаванага Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Наадварот, гэта адкрывае шырокія магчымасці выкарыстання толькі адной мовы без абавязковага ўжывання другой.

Спецыялісты ў галіне права на гэтую акалічнасць неаднаразова звярталі ўвагу. У пацвярджэнне сваіх слоў магу спаслацца на аднаго з вядомых у Беларусі юрыстаў Рыгора Васілевіча, доктара юрыдычных навук, загадчыка кафедры канстытуцыйнага права БДУ. У навукова-практычным каментарыі да Закона аб нарматыўна-прававых актах Васілевіч адзначыў, што такі альтэрнатыўны парадак супярэчыць Канстытуцыі. І на меркаванне Васілевіча, абавязковым мусіць быць правіла аб прыняцці і выданні нарматыўна-прававых актаў на дзвюх дзяржаўных мовах. У якасці пазітыўнага прыкладу Васілевіч прыводзіць рашэнні Канстытуцыйнага суда, якія заўсёды выходзяць на беларускай і рускай мовах.

У сваіх публікацыях правазнаўцы адзначаюць, што такая супярэчлівая сітуацыя склалася і з мовай у іншых сферах юрыдычнай практыкі. У прыватнасці, у судаводстве і ў пракурорскім наглядзе. У выніку ў Беларусі практычна адсутнічаюць апублікаваныя ў апошнія гады на беларускай мове ўказы і дэкрэты прэзідэнта, законы Рэспублікі Беларусь, пастановы Савета Міністраў. Таксама ў правапрымяняльнай практыцы крайне рэдкія акты пракурорскага нагляду, якія складаюцца на беларускай мове.

Безумоўна, такі альтэрнатыўны парадак трэба ліквідаваць. Але пытанне ў тым, як гэта зрабіць, калі нават ніякай рэакцыі не было ад дзяржавы на адпаведны зварот Канстытуцыйнага суда.

Для эфектыўнага вырашэння праблемы парытэтнага выкарыстання беларускай і рускай моў перадусім патрабуецца заканадаўча замацаваць патрабаванне аб абавязковым афіцыйным апублікаванні прававых актаў на абедзвюх мовах. Гэта з аднаго боку, а з другога боку, спецыялісты ў галіне права гавораць аб складанасці паўнавартаснага выкарыстання беларускай мовы ў юрыдычнай сферы. І гэтая складанасць, на іх меркаванне, узнікае з-за таго, што сёння адсутнічае дастатковая беларускамоўная платформа.

Я спасылаюся на публікацыю “Лингвистическое обеспечение норм законодательства на языке судопроизводства” дацэнта кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду БДУ Анатолія Сянько. У гэтай публікацыі Сянько піша пра тое, што ў нас адсутнічае дастатковая беларускамоўная платформа для пераходу да суцэльнага афіцыйнага апублікавання прававых актаў на абедзвюх дзяржаўных мовах. Найперш пад стварэннем беларускамоўнай платформы маецца на ўвазе складанне беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўнікаў юрыдычных тэрмінаў, якія б мелі нарматыўны статус.

Мне могуць запярэчыць дасведчаныя людзі, што такі слоўнік у нас ёсць. Сапраўды, на інтэрнэт-партале PRAVO.BY мы можам карыстацца трохмоўным, руска-беларуска-англійскім слоўнікам юрыдычнай тэрміналогіі. Гэты слоўнік змяшчае каля 30 тысяч рэгістравых адзінак. Канечне, гэта вельмі каштоўная крыніца тэрміналогіі.

Напэўна, юрысты актыўна карыстаюцца гэтай крыніцай, але пры гэтым трэба сказаць, што канцэпцыя гэтага слоўніка не адпавядае патрабаванням і прынцыпам лінгвістычнага слоўніка перакладнога тыпу. Гэты слоўнік мала прыдатны для ўжывання ў лінгвістычным аспекце перакладу для вывучэння асаблівасцяў беларускай юрыдычнай мовы з-за адсутнасці лінгвістычных характарыстык тэрміна. Тут няма ні націскаў, ні граматычных характарыстык, а таксама не пазначаецца семантыка.

Канечне ж, складанне слоўніка юрыдычнай тэрміналогіі – гэта вельмі складаная работа, яна патрабуе сумесных намаганняў лінгвістаў, лексікографаў, спецыялістаў у галіне права. Такім чынам, гэта адна з задач, якую я бачу актуальнай на сённяшні момант, – стварэнне слоўніка юрыдычнай тэрміналогіі.

Не менш важнай задачай з’яўляецца падрыхтоўка ў ВНУ спецыялістаў, якія маюць веды ў галіне юрыспрудэнцыі і ў той жа час валодаюць беларускай мовай. Таксама філолагаў, якія маюць навыкі работы з заканадаўчымі тэкстамі. Такія спецыялісты – юрысты, якія маюць філалагічную адукацыю, і лінгвісты, якія маюць юрыдычную адукацыю, – ёсць у іншых краінах. Ёсць такія спецыялісты ў Расіі і Украіне. У Беларусі таксама ёсць, але толькі адзін такі спецыяліст – гэта мая былая аспірантка, якая атрымала філалагічную адукацыю на філалагічным факультэце БДУ, а затым у Акадэміі кіравання атрымала юрыдычную адукацыю.

Для падрыхтоўкі ў ВНУ такіх спецыялістаў варта было б увесці некаторыя дадатковыя курсы, хаця б факультатыўнага характару. На юрыдычным факультэце БДУ чытаецца курс “Беларуская мова – прафесійная лексіка”. Такі курс чытаецца не толькі ў БДУ, такія курсы ёсць ва ўсіх ВНУ для студэнтаў усіх спецыяльнасцяў. Але па колькасці гадзін гэты курс вельмі кароткі. Напрыклад, на юрыдычным факультэце БДУ курс складае 6 лекцыйных і 24 практычныя гадзіны.

Яшчэ адна важная задача – увядзенне абавязковай лінгвістычнай экспертызы. Справа ў тым, што лінгвістычная экспертыза звычайна выяўляе стылістычныя недахопы, парушэнне літаратурных норм, устанаўлівае дакладнасць тэрмінаўжывання. У рэшце рэшт, спецыялісты, якія ажыццяўляюць лінгвістычную экспертызу, павінны сачыць за тым, каб нормы закона былі выкладзены зразумелай, даступнай мовай. Для нашай сітуацыі асабліва важна лінгвістычная экспертыза таму, што яна магла б засведчыць тоеснасць перакладнога і арыгінальнага тэксту законаў.

Зараз пэўны калектыў спецыялістаў робіць важную работу – перакладае кодэксы, якія змяшчаюцца на партале PRAVO.BY, але гэтыя тэксты маюць сімвалічны характар, бо яны не могуць выкарыстоўвацца ў афіцыйным ужытку, таму што яны не з’яўляюцца афіцыйнымі. А вось лінгвістычная экспертыза магла б засведчыць гэтую тоеснасць і надаць афіцыйны статус беларускамоўным тэкстам.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі” Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2020)

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *