Практычная рэалізацыя дзяржаўнага двухмоўя

Панэль «Практычная рэалізацыя дзяржаўнага двухмоўя», Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі”. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2020)

Мадэратар: Аляксандр Данілевіч, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт 

Аляксандр Данілевіч, дацэнт кафедры міжнароднага і прыватнага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Аляксандр Данілевіч

Я дацэнт БДУ і практыкуючы адвакат, і сёння я буду гаварыць пра практыку, пра тое, з чым сутыкаецца выкладчык у беларускім універсітэце, які карыстаецца ці хоча карыстацца беларускай мовай, а таксама з чым сутыкаецца адвакат у сваёй практыцы.

Як выкладчыку БДУ, мне ўвогуле ніхто не замінае чытаць лекцыі на беларускай мове, акрамя кітайскіх студэнтаў. Я памятаю 90-я гады, калі я быў маладым студэнтам, у той час былі арабы, якія размаўлялі па-беларуску ў Мінску. Яны заляцаліся да дзяўчат на беларускай мове. Гэта праўда. Была сістэма, былі выкладчыкі, якія выкладалі беларускую мову.

Што зараз рабіць? Даваць мажлівасць вывучаць беларускую мову. Як выкладаць туркменскаму студэнту, які ўжо валодае ў нейкай ступені рускай мовай, па-беларуску? Я не ведаю.

Як з гэтай праблемай працаваць? Можна даваць замежным студэнтам выбар мовы – рускай альбо беларускай. А як потым чытаць лекцыі? Для беларускіх студэнтаў я магу чытаць лекцыі як на беларускай, так і на рускай мове. З туркменскімі і кітайскімі студэнтамі гэта праблема. Як выйсце, іх трэба навучыць беларускай мове. Тое, што ёсць замежныя студэнты, – гэта нармальна, гэта міжкультурныя адносіны і грошы, але трэба вырашаць, на якой мове іх вучыць.

Зараз ужо ёсць мэйнстрым – выкладанне па-ангельску, а мы яшчэ маем праблему з беларускай мовай, але ў той жа час пераходзім да выкладання на ангельскай мове.

Што тычыцца практычнай дзейнасці ў прававой сферы мяне як адваката, я сыходжу з мовы кліента. Калі кліент да мяне звяртаецца на расійскай мове, я працую з ім на расійскай мове. Звяртаецца па-ангельску ці па-беларуску, я працую з ім па-ангельску ці па-беларуску.

Цікавая прапанова наконт роўных умоў для карыстання рускай і беларускай мовамі ў юрыдычным ужытку, але гэта не зусім рэлевантна да судовага працэсу. Як адвакат, я займаюся прадстаўленнем інтарэсаў сваіх кліентаў у судах. Судовыя кодэксы кажуць аб адной мове справаводства. Немажліва, з практычнага пункту гледжання, весці працэс у эканамічных і так званых агульных судах на дзвюх мовах. У пазначаных судах ёсць праблема з ужываннем беларускай мовы.

Па-першае, персанал судоў: я маю на ўвазе сакратароў і памочнікаў, яны  не заўсёды валодаюць беларускай мовай, але яны павінны валодаць беларускай мовай. У мяне быў украінскі кліент некалькі год таму, які папрасіў зрабіць позву на беларускай мове. Калі пачаўся працэс і я загаварыў на беларускай мове, у персаналу суда былі дзіўныя вочы. Апынулася, што памочнік сакратара расіянін, які працуе ў беларускім судзе і не валодае беларускай мовай. Гэта быў такі дзіўны працэс на рускай і беларускай мовах.

Потым я напісаў апеляцыйную скаргу на рашэнне суда, якое было не на нашу карысць. Суддзя зрабіла сваё рашэнне на рускай мове, хаця працэс быў на беларускай мове і позва таксама была на беларускай мове. Суддзі апеляцыйнай інстанцыі адказалі так: у нас дзве дзяржаўныя мовы, таму праблемы няма. Але гэта парушэнне арт. 6 Працэсуальнага кодэкса, бо мусіць быць альбо руская, альбо беларуская мова. У той жа час трэба сказаць, што ў Беларусі ёсць суддзі, у тым ліку і ў эканамічным судзе, якія вядуць працэс на беларускай мове.

Што тычыцца версій НПА на дзвюх дзяржаўных мовах, я цалкам за гэта, гэта так і павінна быць. Але ў судовым працэсе мы павінны зыходзіць з таго, што ісцец, той, хто накіроўвае позву ў суд, павінен вырашаць, на якой мове будзе весціся гэты працэс. Канечне, любыя адмовы суддзі са спасылкамі на тое, што ён не ведае беларускай мовай, – гэта ўсё парушэнне заканадаўства.

Юрась Гецэвіч, загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі

Юрась Гецэвіч

Сэнс нашай працы – зрабіць інфармацыю даступнай для розных слаёў насельніцтва, перадусім для людзей з інваліднасцю па зроку, для людзей са слабым зрокам ці тых людзей, якія кароткачасова не могуць бачыць.

Наша лабараторыя займаецца тым, як навучыць машыну размаўляць ці як навучыць машыну з размоўнай мовы пераводзіць інфармацыю ў тэкставую форму, гэта такі пераход вусная-пісьмовая, пісьмовая-вусная мова.

Калі паглядзець статыстычныя звесткі, то яны  паказваюць, што ў свеце налічваецца вялікая колькасць людзей без зроку ці з пашкоджаным зрокам – 40 мільёнаў людзей, якія не бачаць, і больш за 250 мільёнаў людзей з дрэнным зрокам. Калі паглядзець на Беларусь, то сапраўдныя звесткі атрымаць вельмі складана, але ёсць лічба ў 30 тысяч людзей са слабым зрокам.

Раней людзі са слабым зрокам былі даволі ізаляванымі ад грамадства, але цяперашнія тэхналогіі ім дазваляюць не замыкацца ў сваім асяроддзі і выходзіць у віртуальную прастору і камунікаваць з тым ці іншым колам людзей. Мы стала падтрымліваем кантакт са школай-інтэрнатам №2 г. Маладзечна, дзе стала вучацца дзеці, якія маюць вельмі складаныя дыягназы па зроку, ці ўвогуле без зроку. Яны нам дэманструюць, як яны могуць даволі камфортна сябе адчуваць у сацыяльных сетках і як яны атрымліваюць інфармацыю з розных сайтаў.

Але такія людзі могуць успрымаць не ўсю інфармацыю ў інтэрнэце, таму што яна па тых ці іншых крытэрах з’яўляецца недаступнай для іх. Забеспячэнне даступнасці інфармацыі рэгулюецца наступнымі дакументамі: Праграма развіцця інфармацыйнай стратэгіі Беларусі па паўнапраўным уключэнні людзей з інваліднасцю ў грамадства, падпісаная 4 снежня 2017 года, і Пастанова Савета Міністраў №797, паводле якой ужо з 1 студзеня 2019 года на інтэрнэт-сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый уся асноўная інфармацыя павінна быць на беларускай і рускай мове, а таксама на адной з замежных, калі гэта неабходна.

Напрыклад, мы пачалі працаваць з сайтам Камітэта па ахове здароўя г. Мінска, і намі была зроблена паўнавартасная трохмоўная версія сайта, плюс версія для людзей са слабым зрокам, у якой ёсць функцыя сінтэзу маўлення, якая чытае інфармацыю на сайце на беларускай, рускай ці ангельскай мовах. І трэба сказаць, што гэта патрабуе шмат высілкаў, напрыклад, над гэтым у нас у штаце працуе прамоўца, лінгвіст-перакладчык і дублёр, які дапамагае яму.

Калі казаць пра перспектывы наступных распрацовак для забеспячэння даступнасці, то нам важна супрацоўнічаць з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі, з якім мы падпісалі пагадненне 7 жніўня 2018 года. З аднаго боку, пагадненне прадугледжвае перадачу намі нашых напрацовак НЦПІ, а з іншага – мы карыстаемся тымі рэсурсамі, якія мае НЦПІ. Маецца на ўвазе доступ да кодэксаў і іншых НПА.

Напрыклад, мы працавалі з кодэксамі. З 26 кодэксаў Беларусі 25 апублікаваны па-руску і толькі 1 па-беларуску. Мы пратэсціравалі на іх машынны пераклад Google, Яндэкс і Эталон і прыйшлі да высновы, што машыннаму перакладчыку быць, таму што ён сапраўды дазваляе хутка зрабіць вялікі аб’ём перакладу. Разам з тым хапае і праблем, напрыклад, слова “отношения” машынны пераклад перакладае як «дачыненні», у той час як трэба «адносіны».

Што мы прапануем для вырашэння гэтай праблемы: мы заходзім з боку практыкі і спрабуем той машынны перакладчык, які ёсць, удасканаліць і палепшыць дадатковым модулем, які можа быць пабудаваны на нейронных сетках, на алгарытмах новага ці старога пакалення з выкарыстаннем кантэксталагічных слоўнікаў. Для гэта мусіць быць пабудаваны корпус паралельных тэкстаў на беларускай і рускай мовах.

Мы пачалі гэта рабіць з дапамогай нашай платформы Corpus.by. Як гэта робіцца? Бярэцца кодэкс, і машынны перакладчык Эталон яго перакладае. Пазней гэта паслядоўна вычытваецца трыма рэдактарамі, якія ўносяць свае праўкі. У выніку выходзіць тэкст, які ўжо правераны лінгвістамі і прыдатны для карыстання. Пасля атрыманы тэкст сінтэзуецца ў маўленне і атрымліваецца гукавы файл, які мы пазней перадаём людзям са слабым зрокам, каб у іх была опцыя карыстацца перакладам.

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Алесь Суша

Я хацеў бы пачаць з лірыкі, а потым перайсці да канкрэтыкі. Некалькі лірычных разваг, якія вызначаюць моўную сітуацыю.

Я паходжу і жыву ў беларускамоўным асяроддзі і бачу змену статусу беларускай мовы ў рэальнай камунікацыі ў Беларусі. Вымушаны некаторыя гэтыя змены канстатаваць і ў практыцы дзейнасці бібліятэкара. Беларуская мова вельмі істотна змяніла свой статус у цэлым у грамадстве, не толькі ў сферы бібліятэчнай справы, і гэта вельмі добра заўважна. Я памятаю вельмі добра 90-я гады, калі сам збольшага выхоўваўся ў вёсцы, і гэты статус вясковай мовы недаадукаванага ў нейкай ступені насельніцтва адчуваўся.

Раней вельмі часта беларускамоўны чалавек успрымаўся як чалавек вельмі высокай адукацыі, напрыклад, настаўнік беларускай мовы, а калі не настаўнік, тады дзеравеншчына. То-бок чалавек, які прыехаў з вёскі і не навучыўся размаўляць па-чалавечаску. Я не кажу, што гэта было паўсюль і заўсёды, але бывала. У той час як сёння гэтага ўжо няма. Беларуская мова перастала быць мовай вёскі. Мы можам пра гэта ўпэўнена казаць. Зараз беларуская мова не мова недаадукаваных людзей, наадварот, гэта мова суперадукаваных людзей.

На сёння статус беларускай мовы – гэта статус эліты. То-бок, калі ты размаўляеш па-беларуску, то гэта азначае, што ты не выкладчык беларускай мовы, як раней часцей за ўсё казалі, а можа, дыктар на тэлебачанні. Гэта сведчыць пра тое, што статус мовы змяніўся вельмі істотна. І, натуральна, нам трэба гэтым карыстацца, калі казаць прагматычна і практычна. Статус мовы – гэта тое, што з’яўляецца ў пэўнай ступені козырам у плане яе пашырэння. Калі ты размаўляеш па-беларуску, ты эліта. Гэта ў любым сэнсе гучыць прыемна.

Але гэтая сітуацыя стварае і пэўныя праблемы. Высокі статус беларускай мовы – гэта надзвычай высокі п’едэстал, на які яна ўзышла і каторага некаторыя баяцца. Вельмі часта можна сустрэць такую сітуацыю, калі ты размаўляеш па-беларуску, а твой суразмоўца выбачаецца за тое, што ён не можа размаўляць на чыстай беларускай мове: “Мне прыемна чуць беларускую гаворку, але выбачай, што я так прыгожа не магу, таму буду на чыстай рускай размаўляць”. Гэта другая вялікая праблема, з якой мы сутыкаемся.

Зараз што да рэалій у Нацыянальнай бібліятэкі. Усё, што я казаў раней, гэта ўсё ж такі прэамбула, бо моўная праблема перадусім у нас у галовах. Я згодны з тым, што ў прававой сферы, у прынцыпе, умовы для існавання беларускай мовы ў грамадстве створаны. Бясспрэчна, яшчэ ёсць з чым працаваць, але ў цэлым умовы створаныя.

Мы маем нейкія пярэчанні ментальнага характару, якія маюць шырокі распаўсюд і з каторымі трэба нейкім чынам змагацца. Якім шляхам? Праз рэальную жыццёвую практыку. Калі казаць пра сённяшнюю бібліятэку, то яна працуе з кнігай, з часопісам ці газетай на любой мове. Нам усё роўна, на якой мове да нас трапляе кніга, мы не можам уплываць на кнігавыдавецкі рынак, хіба толькі трошкі сваімі закупкамі. Мы купляем усё: на кітайскай, на валійскай, на любой мове. Мы апісваем усё, што трапляе да нас, больш за тое, мы робім гэта карэктна.

Калі вы пабачыце, як беларускія кнігі апісваюцца ў замежных бібліятэках, вы жахнецеся, бо ні адной беларускай кнігі вы там не знойдзеце. Яны там апісаны лацінскімі літарамі ў кожнай бібліятэцы са сваёй сістэмай дыякрытыкі. Яны там вельмі часта апісаны з дзіўнымі азначэннямі, што гэта мова руска-польская, царкоўна-беларуска-расійская і г. д. Там можна сустрэць самыя розныя варыяцыі. У дадзеным выпадку ў Беларусі мы маем сітуацыю, калі літаратура апісваецца на той мове, на якой яна створана, калі на валійскай – значыць і апісваецца на валійскай.

Тым не менш абслугоўванне ў нас абавязкова забяспечваецца на дзвюх дзяржаўных мовах. У практыцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі маецца адно абавязковая патрабаванне, не толькі пры прыёме на працу, а нават пры атэстацыі супрацоўніка – веданне беларускай мовы. Мы наўпрост задаём пытанні па-беларуску нашым калегам і дазнаёмся ад іх, як яны рэагуюць на нашыя пытанні, як адказваюць і ці здольны/няздольны камунікаваць у адпаведным беларускамоўным асяроддзі.

Мне не зразумела, чаму сфера культуры павінна стаць рэзерватам беларускай мовы? Я не бачу, чым адрозніваецца бібліятэка, напрыклад, ад завода ці офіса кампаніі. Тут няма ніякай розніцы. У бібліятэцы ў дадзеным выпадку павінна быць жыццёвая нармальная практыка. У свой час я паэксперыментаваў і перавёў усе свае нарады, так званыя планёркі, на беларускую мову. Які вынік? Не ўсе, натуральна, могуць ці хочуць размаўляць па-беларуску, і ў гэтым сэнсе ў нас татальная дэмакратыя. Але гэты мяккі пераход на беларускамоўную камунікацыю паўплываў на сітуацыю значна лепш, чым усё іншае.

Сёння беларуская мова ў свядомасці людзей успрымаецца як нармальная мова камунікацыі. Гэта не проста неабходнасць адпавядаць заканадаўчым ці нейкім іншым патрабаванням да выкарыстання беларускай мовы, гэта ўспрымаецца як нармальная сітуацыя. І пераход на гэтую нармальную камунікацыю для нас прынцыпова важны.

Інтэрнэт-партал бібліятэкі цалкам дублюецца па-беларуску і па-руску, і не праз аўтаматычныя перакладчыкі. Тое ж самае датычыцца ўсіх пошукавых механізмаў. Напрыклад, калі вы хочаце знайсці кніжку па тэме нейралінгвістычнага праграмавання, то што вы будзеце шукаць па-беларуску, што па-руску – вы знойдзеце тое самае. У гэтым сэнсе раўнапраўе дзяржаўных моў татальнае. Таксама сістэма індэксавання сёння зроблена ў адпаведнасці з міжнароднай практыкай.

Маё бачанне для далейшай працы? Вывад мовы з рэзервацыі, бо сёння беларуская мова успрымаецца як арганічная толькі ў сферы культуры, навукі і адукацыі.

 

Закрыццё

Яраслаў Крывой, старшы навуковы супрацоўнік Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права

Яраслаў Крывой

На заканчэнне я б хацеў сказаць некалькі слоў у першую чаргу пра вялікі патэнцыял. Гэтыя людзі, які сабраліся на канферэнцыі, яны рэпрэзентуюць толькі маленькую частку людзей, якім цікава займацца беларускай мовай, адраджаць і даследаваць яе, выпрацоўваць нейкія рэгламенты яе ўжывання.

Я быў вельмі здзіўлены, калі ў мінулым годзе мы арганізоўвалі канферэнцыю на базе юрыдычнага факультэта БДУ і там 85% выступоўцаў карысталіся беларускай мовай, з іх 2 ці 3 на прафесійным узроўні. Гэта было вельмі дзіўна. Як і ў мінулым годзе, сёння бачна, што ёсць вельмі вялікі патэнцыял у кожнай з тых сфер, пра якія мы сёння размаўлялі, – бібліятэчная справа, штучны інтэлект ці юрыдычная сфера. Можна смела рабіць вялікую канферэнцыю па любой з гэтых сфер.

Гэтая канферэнцыя – сведчанне таго, што пытанне мовы дэпалітызуецца. І тое, што мы тут маем прадстаўнікоў навуковых колаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый і палітыкаў розных перакананняў,  сведчыць пра тое, што кансэнсус па пытанні таго, што беларуская мова з’яўляецца вельмі важнай для існавання беларускага народа і для існавання беларускай дзяржавы, ужо ёсць. Зараз пытанне ў тым, як яе пашырыць і як імплементаваць у практычнай сферы тыя рэчы, пра якія мы сёння на канферэнцыі размаўлялі.

Мы спадзяёмся, што гэта не апошняя канферэнцыя і ў наступным годзе мы будзем рабіць чарговую канферэнцыю. Я вельмі ўсцешаны чуць ад спадара Варанецкага, што гэтая ідэя і гэтая дзейнасць таксама цікава яму. Спадзяемся, што ў наступны раз мы зможам сабраць яшчэ больш людзей, у тым ліку больш уплывовых людзей і людзей з рэгіёнаў, для таго каб у канструктыўнай абстаноўцы з узаемнай павагай абмеркаваць, якім чынам мы можам забяспечваць сапраўднае двухмоўе, двухмоўе з павагай да людзей, незалежна ад таго, на якой з дзяржаўных моў яны размаўляюць.

Яшчэ хацеў бы асабіста падзякаваць тым, хто спрычыніўся да арганізацыі гэтай канферэнцыі,  –Ігару Лявонавічу, Юрасю Гецэвічу і Кірылу Гарошку, якія зрабілі, напэўна, 90% усёй працы, з іх, напэўна, 60% былі высілкі Кірыла.

Капылоў Ігар, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Ігар Капылоў

Хачу выказаць словы ўдзячнасці Брытанскаму інстытуту міжнароднага і параўнальнага права і Брытанскай амбасадзе ў Мінску за ініцыятыву, кіраўніцтву Акадэміі навук за тое, што падтрымалі гэтую ініцыятыву, кіраўніцтву бібліятэкі НАН Беларусі за тое, што нас прынялі і арганізавалі выдатную экскурсію для пасла Вялікабрытаніі.

Дзякую ўсім, хто адгукнуўся і ўзяў удзел у канферэнцыі і ў якасці дакладчыка, і ў якасці госця. Хачу адзначыць, што гэта вельмі важна і для нашага Інстытута мовазнаўства, і для нашай краіны, бо, як правільна сказаў дэпутат Варанецкі, захаваем мову – захаваем нацыю, захаваем нацыю – захаваем дзяржаву.

Я лічу, што канферэнцыя прайшла вельмі канструктыўна і яна будзе мець працяг.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі” Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2020)

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *