Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі — вітальныя словы

Вітальнае слова, Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі”. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2020)

Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Мова кожнага народа з’яўляецца ўнікальным інструментам для апісання і разумення навакольнага асяроддзя, важным сродкам камунікацыі і перадачы ведаў. У мове захоўваецца сацыяльны і гістарычны вопыт народа. Мова кожнага народа выступае ў якасці фактару сацыялізацыі і сродку самаідэнтыфікацыі чалавека. Нягледзячы на гэта, па дадзеных ЮНЕСКА, амаль палова моў свету сёння знаходзяцца на стадыі знікнення. Толькі па звестках за мінулае стагоддзе, каля 600 моў знікла.

На жаль, гэтыя працэсы інтэнсіўна адбываюцца, і калі будуць працягвацца надалей, ужо ў сярэдзіне стагоддзя каля 50% тых моў, якія існуюць сёння, знікне. А да канца ХХI стагоддзя 90% моў можа знікнуць з лінгвістычнай карты свету. Акрамя таго, многія мовы свету страчваюць сваё значэнне і выкарыстанне ў такіх важных сферах грамадскага жыцця, як палітыка, культура, справаводства, СМІ, бізнес, турызм і інш.

Да асноўных выклікаў сучаснасці адносяцца працэсы глабалізацыі, вынікамі якіх з’яўляецца дамінаванне невялікай колькасці моў. Нават тыя мовы, якія з’яўляюцца дамінуючымі і шырока распаўсюджаны ў свеце, яны таксама сёння знаходзяцца ў даволі складанай сітуацыі, паколькі адзначаецца негатыўны ўплыў на літаратурныя, лінгвістычныя, граматычныя і арфаграфічныя нормы.

Гэта звязана з такімі з’явамі, як лібералізацыя адукацыі, актыўнае развіццё сацыяльных сетак, беспрэцэдэнтная дэмакратызацыя публічнай і інфармацыйнай прасторы, бо сёння ўзнікла прынцыпова новае інфармацыйнае асяроддзе, дзе няма аўтарытэтаў, норм і межаў самавыражэння.

Страта нацыянальных моў вядзе не толькі да страты духоўнасці і духоўнай спадчыны, але і да страты сусветнай разнастайнасці. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе нівеліраванню самабытнасці і духоўнага пачатку як асобнай нацыянальнай супольнасці, так і кожнага індывіда. Лінгвістычная разнастайнасць – гэта рэсурс, які можа садзейнічаць стабільнасці і спрыяць паспяховаму развіццю грамадства. Не выпадкова, што праблема захавання і развіцця нацыянальных моў, нацыянальных культур і нацыянальных літаратур сёння набывае прыярытэтнае сусветнае значэнне.

Сёння існуе вялікая колькасць міжнародных нарматыўных дакументаў для абароны моў і моўнай разнастайнасці. Штогод праводзяцца форумы ААН, на якіх спецыялісты выступаюць з рознымі ініцыятывамі па пытанні распрацоўкі далейшай стратэгіі захавання і развіцця нацыянальных моў. Створаны сусветны атлас моў, дзякуючы якому можна даваць ацэнку сітуацыі з захаваннем і развіццём нацыянальных моў.

У Беларусі задачай агульнадзяржаўнай важнасці з’яўляецца захаванне сваёй этнакультурнай самабытнасці. У адпаведнасці з курсам Рэспублікі Беларусь на захаванне суверэнітэту краіны дзяржаўная нацыянальная мова павінна быць не толькі сродкам камунікацыі, элементам культуры, сродкам захавання і перадачы сацыяльнага вопыту, сімвалам нацыянальнай свядомасці, але і неад’емным атрыбутам незалежнасці краіны, фактарам кансалідацыі і аб’яднання беларускай нацыі, гарантам гуманітарнай бяспекі. Гэтыя палажэнні замацаваныя ў нядаўна прынятай і зацверджанай кіраўніком дзяржавы Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Беларускай мове ў нашай краіне нададзены высокі статус дзяржаўнай мовы, які замацаваны ў асноўным законе – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў Законе аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. У НАН Беларусі вядзецца вялікая работа па захаванні і развіцці нацыянальнай мовы, звязаная з даследаваннем і вяртаннем старажытных моўных помнікаў XIV–XVIII стст., з захаваннем народных беларускіх гаворак, са стандартызацыяй сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Створана вялікая колькасць нарматыўных фундаментальных лексікаграфічных даведнікаў, якія дазваляюць забяспечыць функцыянаванне беларускай мовы як высокаразвітай мовы, якая здольная абслугоўваць усе сферы грамадскага жыцця.

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа таксама праводзіцца работа па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў кіберпрасторы, што на сёння з’яўляецца надзвычай важным. На сучасным этапе Інстытут мовазнаўства сумесна з НЦПІ пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вядзе пераклад заканадаўчых актаў на беларускую мову. Адным з галоўных перспектыўных напрамкаў працы бачыцца дасягненне парытэтнага выкарыстання беларускай і рускай моў ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму ў Беларусі.

На жаль, на сённяшні дзень нацыянальная мова яшчэ недастаткова прадстаўлена ў такіх важных сферах, як справаводства, сфера вышэйшай адукацыі і дзяржаўнае кіраванне. Таму для нас надзвычай важны міжнародны вопыт захавання і развіцця нацыянальных моў у тых краінах, дзе выкарыстоўваюцца дзве дзяржаўныя мовы і больш, – Швейцарыя, Канада, Бельгія, Вялікабрытанія і Фінляндыя.

Андрэй Івянец, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі

Праблема дзяржаўнага двухмоўя з’яўляецца важнай і актуальнай для ўсіх нас: і для навукоўцаў, і для грамадства Беларусі і іншых краін. Суіснаванне ў адзінай прасторы дзвюх ці нават некалькіх моў служыць узбагачэнню краіны і культуры, усталяванню шматбаковага палілогу, у якім раскрываюцца сутнасныя аспекты грамадскага жыцця, сацыяльныя і культурныя прыярытэты.

У цяперашні час вывучэнне практычнага выкарыстання беларускай і рускай моў у справавой, навуковай, адукацыйнай, эканамічнай і ў іншых сферах нашай краіны з’яўляецца вельмі важным. Гэта пацвярджаецца рэгуляваннем выкарыстання моў у Рэспублікі Беларусь,  Законам аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. У адпаведнасці з гэтым законам грамадзяне нашай краіны маюць права выкарыстоўваць ва ўсіх сферах камунікацыі любую з дзяржаўных моў. Таксама яны маюць права выкарыстоўваць ва ўсіх сферах камунікацыі ці рускую, ці беларускую мову па сваім уласным жаданні. Атрымліваць поўную інфармацыю ў любой галіне дзейнасці на абранай імі мове.

Двухмоўе і нават шматмоўе ў Беларусі мае глыбокія гістарычныя карані. Спрадвеку на нашай зямлі гучалі і існавалі беларуская, царкоўна-славянская, лацінская, а пасля татарская, польская, руская, яўрэйская, украінская і іншыя мовы. Наша краіна, якая знаходзіцца на скрыжаванні славянскіх і еўрапейскіх шляхоў і культурных традыцый, зазнала ў сваім мінулым уздзеянне розных моў, суадносіны якіх у розныя часы былі рознымі. Былі ў гісторыі Беларусі часы, калі пераважнае выкарыстанне ў пісьмовай форме атрымлівалі польская і руская мовы, што таксама накладала свой адбітак на фарміраванне ментальнасці і духоўных каштоўнасцей беларускага грамадства.

Беларусы вызначаюцца талерантнасцю, адкрытасцю да дыялогу з прадстаўнікамі іншых культурных традыцый і разам з тым паслядоўным адстойваннем сваіх культурных адметнасцей. Таму і зараз НАН Беларусі, СМІ, установы адукацыі і культуры нашай краіны пастаянна праводзяць вялікую працу па пашырэнні і падтрымцы беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Так, у НАН Беларусі ў кастрычніку-лістападзе мінулага года быў праведзены Першы міжнародны навуковы кангрэс “Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі  і дзяржавы”, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя вучоныя з цэлага шэрагу краін.

Мы шырока кантактуем па пытаннях вывучэння моўнай сітуацыі з даследчыкамі з Германіі, Літвы, Італіі і іншых краін Еўропы. Беларускімі і замежнымі лінгвістамі былі разгледжаны шматлікія актуальныя пытанні, у тым ліку неаднаразова абмяркоўваліся канкрэтныя прапановы па рэалізацыі дзяржаўнага двухмоўя ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама па забеспячэнні доступу грамадзян да прававой інфармацыі і дзяржаўных паслуг на нацыянальнай дзяржаўнай мове.

Паслядоўна і планамерна ажыццяўляецца пераклад на беларускую мову заканадаўчых актаў, вучэбнай навуковай літаратуры, вядзецца падрыхтоўка слоўнікаў, нарматыўных даведнікаў. Удасканалены правілы беларускай арфаграфіі, пунктуацыі, якія таксама зацверджаны ў юрыдычным парадку. У гэтым кантэксце вопыт іншых краін, у тым ліку Вялікабрытаніі, і меркаванні брытанскіх вучоных з’яўляюцца для нас новымі і цікавымі, як у агульна тэарэтычным, так і практычным аспектах. Што несумненна паслужыць далейшаму развіццю дзяржаўнага двухмоўя і навуковых даследаванняў гэтых працэсаў у НАН Беларусі.

Жаклін Перкінс, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі

Паколькі мы жывём у сучасным глабалізаваным свеце, моўнае пытанне з’яўляецца вялікай праблемай для шмат якіх краін. Я сама расла ў білінгвістычнай сям’і. Таму я ведаю, што Уэльс, Шатландыя і Беларусь, дзе выкарыстоўваюць дзве ці больш моў, маюць падобныя праблемы. Частка Вялікабрытаніі, дзе я нарадзілася і вырасла, у мінулым мела сваю мову. Але апошні чалавек, які размаўляў на корнскай мове, памёр 200 гадоў таму. Але гэтая мова працягвае існаваць, яе вывучаюць, і людзі нават спрабуюць выкарыстоўваць яе як другую мову. Пры гэтым вельмі цяжка ўявіць сабе, каб корнская мова стала настолькі распаўсюджанай, як зараз ангельская.

Выпадак з корнскай мовай не ўнікальны. Лінгвісты адзначаюць, што сёння ў свеце існуе каля 7 тысяч моў. Дзесьці палова з іх зараз у небяспецы. Таму мова сёння – гэта не проста сродак камунікацыі. Мова адбіваецца на грамадскім жыцці людзей. Мова – гэта маркер ідэнтычнасці. Двухмоўе – гэта не проста штосьці, што добра мець, гэта больш важная рэч. Таму трэба падтрымліваць двухмоўе альбо шматмоўе, бо гэта станоўча ўплывае на інтэлектуальнае развіццё людзей.

Я вельмі ўражана працай НАН Беларусі па вывучэнні беларускай мовы. Мне прыемна, што беларускі ўрад, людзі і арганізацыі падтрымліваюць беларускую мову і пашыраюць сферу яе выкарыстання. Менавіта таму Брытанская амбасада ў Мінску мае гонар далучыцца да гэтай справы і падтрымлівае гэтую канферэнцыю.

Віктар Шаршун, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі РБ

Мова – гэта тое, што нас аб’ядноўвае, тое, што дазваляе стаць чалавекам, тое, што выступае асновай пры фарміраванні нацыянальнай і індывідуальнай ідэнтычнасці. Гэта тое, што закладае светапоглядныя і культурныя асновы асобы. Навуковыя і прыкладныя праблематыкі лінгвістыкі запатрабаваны ў філасофіі, культуралогіі, праве і многіх іншых галінах ведаў. Тэматыка гэтай канферэнцыі прысвечана канкрэтным і надзённым пытанням, з неабходнасцю вырашэння якіх сутыкаюцца многія краіны, якія рэалізуюць прынцып шматмоўя ў дзяржаўным і грамадскім жыцці.

І тут, здавалася б, у адносна вузкім сегменце варыятыўнасць і запатрабаванасць навуковага пазнання вельмі высокая. У прыватнасці, у навуковай супольнасці шырока абмяркоўваюцца праблемы дакладнага перакладу заканадаўчых актаў і аўтэнтыфікацыі актаў заканадаўства. У сувязі з гэтым важным з’яўляецца распрацоўка і ўніфікацыя юрыдычнай тэрміналогіі і нацыянальнага заканадаўства.

Неабходнай умовай развіцця прававой дзяржавы і грамадскай супольнасці з’яўляецца прававая дасведчанасць грамадзян і службовых асоб, наяўнасць у іх дастатковых ведаў аб правах, абавязках і забаронах, якія замацаваны ў нормах права. Крыніцай такіх ведаў з’яўляецца прававая інфармацыя. Таму для Рэспублікі Беларусь актуальным з’яўляецца пытанне надання роўных магчымасцяў грамадзянам у выкарыстанні прававой інфармацыі як на рускай, так і на беларускай мовах. Важнасць вырашэння дадзенай праблемы агучыў і кіраўнік дзяржавы 1 сакавіка 2019 года ў ходзе “Вялікай размовы з прэзідэнтам”.

У мінулым годзе пры нашым цэнтры быў створаны экспертны савет па перакладзе заканадаўчых актаў на беларускую мову. У яго склад увайшлі прадстаўнікі НАН Беларусі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, вышэйшых навучальных устаноў і іншых арганізацый, у тым ліку і недзяржаўных. Сёння завершана праца над перакладам Выбарчага кодэкса, Кодэкса аб шлюбе і сям’і, працягваецца пераклад Грамадзянскага кодэкса. З тэкстамі перакладаў гэтых заканадаўчых актаў можна азнаёміцца ў вольным доступе на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь.

Праблемы мовы заканадаўства, яе развіцця, удасканалення юрыдычнай тэрміналогіі на рускай і беларускай мовах, а таксама перакладу такой тэрміналогіі на замежныя мовы з’яўляюцца прадметам інтарэсу НЦПІ ўжо больш за 20 гадоў, з моманту яго стварэння. У сваёй дзейнасці цэнтр робіць стаўку на выкарыстанне патэнцыялу выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. У дзяржаўных органах і іншых арганізацыях выкарыстоўваюцца сродкі аўтаматызаванага перакладу прававых актаў і іншых дакументаў з рускай на беларускую мову і наадварот.

Цэнтрам распрацаваны перакладчык, які інтэграваны ў інфармацыйна-пошукавую сістэму Эталон. Гэта сістэма змяшчае ўсе акты беларускага заканадаўства, правапрымяняльную практыку, навуковыя працы, каментары спецыялістаў і іншую прававую інфармацыю ў электронным выглядзе. Распрацаваны і пастаянна развіваецца юрыдычны слоўнік, які змяшчае тэрміны нацыянальнага заканадаўства і іх пераклад на беларускую і англійскую мовы.

Яраслаў Крывой, старшы навуковы супрацоўнік Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права

Дзейнасць Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права, асноўнага арганізатара гэтай канферэнцыі, галоўным чынам звязана з параўнаннем розных сістэм права і пошукам прававых сістэм, у якіх  можна нешта пераняць , што можа карысна спрацаваць у іншых краінах. Часта гэта не самыя ідэальныя паралелі, але ў кожнай сістэме, у кожнай дзяржаве можна штосьці вывучыць і чамусьці навучыцца.

Ідэя гэтай канферэнцыі ў тым, каб паглядзець, як мы можам выкарыстаць досвед Вялікабрытаніі і ў прыватнасці адной з частак Вялікабрытаніі – Валіі, якая найбольш інавацыйная з пункту гледжання развіцця сваёй мовы. Валійская мова вельмі адрозніваецца ад англійскай мовы. Там сур’ёзныя праблемы іншага характару, але яны паспяхова вырашаюць гэтыя праблемы. Таму нам цікава даведацца, што можа Беларусь для сябе ўзяць, а таксама што Валія можа пераняць для сябе ў Беларусі.

Асноўную сваю працу я раблю не ў Англіі, а ў іншых краінах. Нядаўна я скончыў праект у ААЭ, Канадзе і Казахстане. На афіцыйных падзеях, дзе існуе дзве афіцыйныя мовы, заўсёды чыноўнікі выступаюць спачатку на адной мове, нават фармальна, цырыманіяльна, а потым пераключаюцца на іншую мову. Напрыклад, у Казахстане пачынаюць выступы на казахскай мове, а потым пераключаюцца на рускую, у Францыі з французскай мовы пераключаюцца на ангельскую. Гэта робіцца для таго, каб паказаць, што паважаць правы і інтарэсы ўсіх грамадзян краіны важна.

Калі мы глядзім на сітуацыю ў Беларусі, тут ёсць цэлы шэраг пытанняў, якія робяць Беларусь унікальнай. Напрыклад, ці можам мы сказаць, што беларуская мова – гэта мова меншасці? Напэўна, не, не можам, таму што большасць насельніцтва ў краіне – гэта беларусы. Аднак ёсць шэраг рэчаў, над якімі трэба працаваць для таго, каб палепшыць стан беларускай мовы. З іншага боку, ёсць сітуацыі, калі чалавек не валодае беларускай мовай, прыязджае ў Мінск, адчувае складанасці з навігацыяй у метро, бо там у большасці выпадкаў выкарыстоўваецца беларуская мова.

Калі прыгадаць выказванне Аляксандра Лукашэнкі, якое ён агучыў  не так даўно – “Калі мы згубім рускую мову – мы згубім розум, калі мы згубім беларускую мову – мы згубім сэрца”, – і паглядзець на прычыны смяротнасці ў Беларусі, то можна заўважыць, што праблемы з сэрцам, з крывабегам – гэта асноўная прычына смяротнасці ў краіне. Яшчэ цікавая паралель – большасць з тых людзей, якія пакутуюць з-за праблем з сэрцам, яны не прымаюць ніякіх лекаў. То-бок часта гэтая праблема ў руках саміх людзей, і пытанне толькі ў тым, дзе і як знайсці лекі і метады для вырашэння праблемы.

Метады вырашэння моўных праблем могуць быць рознымі. Напрыклад, у Працоўным кодэксе, здаецца, 1922 года напісана, што, калі работнік не хоча наведваць курсы беларускай мовы, яго можна звольніць. Такія савецкія метады ў нашыя часы не прымаюцца, але гэта адзін з метадаў, які прымяняўся ў мінулым. Зараз усё робіцца значна больш мякка, для таго каб паважаць інтарэсы ўсіх людзей, незалежна ад таго,  хочуць яны размаўляць па-руску, ці па-беларуску.

Такім чынам, галоўная мэта канферэнцыі – прапанаваць прадстаўнікам дзяржаўных органаў і навуковай супольнасці тыя метады рашэння моўнай праблемы, якія можна ўкараняць у Беларусі для захавання і ўзмацнення беларускай мовы, беларускай дзяржавы і яе незалежнасці.

Я ведаю, што Міністэрства замежных спраў спрабуе працаваць з беларускай дыяспарай у Лондане, каб задзейнічаць не толькі беларусаў, якія жывуць унутры краіны, але таксама і тых, хто жыве па-за яе межамі, для розных мэтаў, у тым ліку для таго, каб забяспечыць сапраўднае двухмоўе ў Беларусі.

Павел Слюнькін, першы сакратар упраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў РБ

Вельмі прыемна, што з боку пасольства Вялікабрытаніі надаецца такая ўвага падтрыманню беларускай мовы ў Беларусі і забеспячэнню роўных умоў для развіцця дзвюх моў у краіне. Для пасольстваў Беларусі ў іншых краінах адзін з галоўных кірункаў працы з’яўляецца культурная спадчына і падтрымка беларускай мовы сярод беларускай дыяспары.

Міністэрства замежных спраў таксама надае вялікую ўвагу развіццю і падтрымцы беларускай мовы. Я зусім нядаўна вярнуўся з працы ў пасольстве Беларусі ў Літве, дзе працуе, здаецца, адзіная ў свеце гімназія, у якой усё навучанне адбываецца на беларускай мове. Беларуская дзяржава і пасольства Беларусі падтрымліваюць гэтую гімназію кожны год, выпускнікі якой пасля яе сканчэння ў пераважнай большасці вяртаюцца ў Беларусь для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Валерый Варанецкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ

Правядзенне гэтай канферэнцыі сведчыць аб тым, што беларуская мова патрабуе падтрымкі, перадусім з боку дзяржавы. Таму хацелася б, каб як мага больш палітыкаў, службоўцаў і грамадзян нашай краіны ведалі аб гэтай канферэнцыі. Важна, каб такія канферэнцыі праводзіліся на сістэмнай аснове. У наступным годзе такую канферэнцыю можна прымеркаваць да Міжнароднага дня роднай мовы і прывесці у Прэзідыуме НАН Беларусі.

Сёння і дзяржаве, і грамадству вельмі патрэбна папулярызацыя беларускай мовы. Сёння мы павінны аб гэтым гаварыць на тэлебачанні, на радыё і ў газетах. Таму што беларуская мова аказалася ў небяспечным стане.

Дзякую ўсім прысутным за тое, што вы, у адрозненне ад мяне, не словам, а справай падтрымліваеце беларускую мову, клапоціцеся пра яе і папулярызуеце яе. Са свайго боку я гатовы дапамагаць у гэтай справе. Хоць я не лінгвіст і не спецыяліст у гэтай справе, але я разумею, што, калі мы згубім беларускую мову, мы можам застацца без беларускай дзяржавы. Беларускую дзяржаву мы павінны захаваць не толькі для сябе, але і для нашых дзяцей і ўнукаў.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі,” Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2020)

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *