Афіцыйнае двухмоўе ў Вялікабрытаніі. Шляхі гарманізацыі моўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь

Пленар, Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі”. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2020)

Колін Уільямс, запрошаны навуковы супрацоўнік Кембрыджскага ўніверсітэта

Афіцыйнае двухмоўе ў Вялікабрытаніі

(пераклад з англійскай мовы)

Колін Уільямс

Уэльс – адзіная афіцыйная двухмоўная тэрыторыя Вялікабрытаніі. Шлях да афіцыйнага прызнання і «нармалізацыі» мовы валійскай меншасці, на якой гавораць каля 898 700 чалавек з трохмільённага насельніцтва Уэльса, быў пракладзены праз пратэсты, кампаніі з бацькоўскімі патрабаваннямі да двухмоўнай адукацыі і актыўнай пазіцыяй грамадзянскай супольнасці. У адказ урад Вялікабрытаніі і ўстаноўлены ў 1999 годзе урад Уэльса прынялі шэраг прававых мер, якія паступова пашыраюць і паглыбляюць двухмоўе ў грамадстве.

Сёння вітаецца пашырэнне выкарыстання валійскай мовы, але першапачаткова значная частка насельніцтва выступала супраць, сцвярджаючы, што англійскай мовы было дастаткова для дзяржаўных паслуг і афіцыйных здзелак. Такім чынам, стварэнне двухмоўнага дзяржаўнага сектара, мясцовых органаў улады, судовай сістэмы стала барацьбой, але той, якая на сённяшні дзень стала ўспрымацца як пастаянная і пазітыўная прыкмета грамадзянскай супольнасці.

На сённяшні дзень асноўнымі праблемамі, з якімі сутыкаюцца прыхільнікі ўзмацнення двухмоўнага характару нацыі, з’яўляюцца: пашырэнне асартыменту і павышэнне якасці двухмоўнай адукацыі, забеспячэнне гарантаваных законам моўных правоў у шырокім шэрагу арганізацый дзяржаўнага сектара.

Ці будуць гэтыя паслугі рэалізаваны ў поўнай меры, залежыць ад палітычнай рашучасці, праграм навучання і павышэння ўзроўню інфармаванасці, нарошчвання патэнцыялу і, вядома, адносін і паводзін карыстальнікаў валійскай мовы.

Каб змяніць падыход да развіцця двухмоўя і шматмоўя, неабходна мець ацэнкі вынікаў дзяржаўнай палітыкі. Гэта ілюструецца ў дачыненні да новых перспектыўных напрамкаў развіцця моўнай палітыкі і сацыяльнага ўзаемадзеяння, звязаных з інтэграцыяй імігрантаў і з’яўленнем новых носьбітаў валійскай мовы.

Урад вызначае мэты, бюджэты і вынікі, паводле якіх яго дзеянні лічацца паспяховымі ці не. У апошнія гады ўрадавая палітыка Вялікабрытаніі вызначыла мадыфікацыю паводзін, мыслення, тэорыю і перакананасць як важныя элементы развіцця і вынікаў моўнай палітыкі.

Можна спытаць, ці адрозніваюцца моўныя палітыкі і стратэгія падтрымкі нацыянальных меншасцей па сваіх сацыяльна-псіхалагічных аспектах ад іншых тыпаў палітыкі? Хутчэй не, бо нам вядомы прыклады, калі паспяховыя інтэрвентысцкія кампаніі змянялі паводзіны ў такіх сферах, як ахова здароўя, кіраванне ў нецвярозым стане альбо больш сучасныя прыклады зніжэння ўтрымання цукру ў харчовых прадуктах і безалкагольных напоях і невыкарыстанне пластыкавай упакоўкі, каб палепшыць наступствы альбо спыніць забруджванне мора.

У інтэрв’ю, якія я правёў з высокапастаўленымі дзяржаўнымі службоўцамі ў Каталоніі, Краіне Баскаў, Ірландыі, Фінляндыі, Вялікабрытаніі і Канадзе, я высветліў, што змены ў паводзінах былі альбо за межамі іх кампетэнцыі, або разглядаліся як цікавая канцэпцыя, якая можа ў адзін цудоўны дзень стаць неад’емнай часткай іх прафесійнай падрыхтоўкі, але ў цяперашні час не ўваходзіць у іх прыярытэты.

З пункту гледжання вынікаў палітыкі было прызнана, што свежыя падыходы да ўключэння моў з меншай папулярнасцю ў адукацыю, мясцовае кіраванне і развіццё грамадства былі неабходнай, але не дастатковай умовай актывізацыі мовы. Падвышае эфектыўнасць імплементацыі моўных праграм сумеснае фінансаванне і рэалізацыя. Таксама існуе неабходнасць у распрацоўцы па-сапраўднаму цэласнай палітыкі моўнага адраджэння, якая пераўзыходзіць убудаваны структурны характар створаных дзяржаўных ведамстваў і іх праграм, якія лёгка прымаюцца і цяжка рэалізуюцца.

Увогуле, прааналізаваныя юрысдыкцыі сутыкаюцца з падобнымі праблемамі, адна з іх – мінімальнае выкарыстанне мовы ў многіх сферах, і гэта нягледзячы на большае заахвочванне распрацоўваць палітыку развіцця мовы меншасцяў.

У Вялікабрытаніі не існуе, напрыклад, калектыўных правоў і нічога падобнага да правоў супольнасці, якія можна знайсці, напрыклад, у Канадзе. Узмацненне камерцыйнага ціску і фіскальная працаздольнасць дзяржаўных паслуг прымушае многіх пераацаніць значэнне і эфектыўнасць моўных планаў, выкарыстанне двухмоўных паведамленняў і «кошт» аказання актыўных прапаноў паслуг кліентам. У больш шматмоўным кантэксце уплыў прасоўвання моў меншасцяў дасягнуў бы пэўных поспехаў, але разнастайная мэтавая аўдыторыя ўскладняе прадказанне зменаў паводзін, асабліва ў дачыненні да інтэграцыі і з’яўлення новых носьбітаў мовы з міграцыйных супольнасцяў.

Апроч гэтых працэсаў, як у Вялікабрытаніі, так і ў дачыненні да міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках ЕС, выклікае вялікую палітычную дыскусію будучая траекторыя Вялікабрытаніі і рэальная нявызначанасць, створаная Брэкзітам. Невядома, як гэтая падзея паўплывае на аргументы, якія выкарыстоўваліся для прасоўвання валійскай, гэльскай і ірландскай моў як прыкладу еўрапейскай «нармальнасці», а не брытанскай выключнасці.

Апошняя палітычная ініцыятыва Нацыянальнай асамблеі Уэльса “Мільён носьбітаў валійскай мовы да 2050 года” ставіць сваёй мэтай дасягненне рэальнага двухмоўя ў краіне. Праблема заключаецца ў тым, што праграмы, якія складаюцца з мэтанакіраванага заканадаўства і інавацыйнай палітыкі, не заўсёды вядуць да пазітыўных змен пасля стагоддзяў дыскрымінацыі і падначалення.

Сёння носьбіты валійскай мовы складаюць больш за 23,3% ад тых, хто нарадзіўся ва Уэльсе, і прыблізна 6% з 65,5 мільёна насельніцтва Вялікабрытаніі.

З 1960-х гадоў быў прыняты шэраг прававых мер, накіраваных на ператварэнне валійскай моўнай палітыкі на агульную грамадскую карысць. На парламенцкім узроўні Вялікабрытаніі меры ўключаюць Закон аб валійскай мове 1967 года; Закон аб валійскай мове 1993 года; Закон аб рэформе адукацыі 1988 года; Закон аб адукацыі 2002 года і Закон аб Уэльсе 2017 года.

Пасля рэферэндуму ў 2011 годзе Нацыянальны сход Уэльса атрымаў першасныя заканатворчыя паўнамоцтвы ў дачыненні да канкрэтных суб’ектаў без удзелу з Вестмінстэра або Уайтхола. Урад Вялікабрытаніі стварыў спецыяльную  камісію,  каб разгледзець будучую перадачу паўнамоцтваў ва Уэльсе. Закон Уэльса 2014 года надзяліў Нацыянальную асамблею ўзмоцненымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі, а далейшае ўзмацненне паўнамоцтваў Асамблеі адбылося дзякуючы Закону аб Уэльсе 2017 года, які змяніў мадэль пераходу на мадэль зарэзерваваных паўнамоцтваў.

Пасля пераўтварэння Нацыянальнай асамблеі Уэльса з другаснага ў асноўны заканадаўчы орган яна прыняла Закон аб валійскай мове, згодна з якім у 2011 годзе быў створаны новы інстытут Упаўнаважанага камісара па валійскай мове. Закон аб дабрабыце будучых пакаленняў 2015 года зрабіў валійскую мову асноўным фокусам усіх дзяржаўных праграм, тым самым дапаўняючы Закон аб валійскай адукацыі (2011), які імкнуўся замацаваць статус валійскай мовы ў адукацыі. Дзейная стратэгія валійскай мовы (2017) прадугледжвае мэту стварыць мільён носьбітаў валійскай мовы да 2050 года (колькасць носьбітаў вырасла з 562 000 у 2011 годзе да 898 700 у 2019 годзе).

Стратэгія вызначае шэсць асноўных кірункаў дзеянняў, а менавіта: планаванне і моўная палітыка; нармалізацыя; адукацыя; моўная перадача ў сям’і і на працоўным месцы; падтрымка інфраструктуры; паляпшэнне заканадаўства і ўзмацненне моўных правоў. Урад вызначыў дакладныя мэты для гэтых напрамкаў дзеянняў і дапаўняе іх падрабязнымі рэкамендацыямі. Напрыклад, адна з рэкамендацый заключаецца ў распаўсюджанні мовы праз любую дзяржаўную дзейнасць. Для таго, каб валійская мова была неад’емнай часткай стратэгічнага планавання на любым узроўні, неабходны больш надзейны дыскурс і паслядоўная сістэма збору і аналізу дадзеных.

Інтрыгуючым пытаннем з’яўляецца тое, як канкрэтна будзе дасягнуты рост носьбітаў мовы? З улікам адноснага заняпаду сям’і як агента перадачы мовы з’яўленне новых носьбітаў лепш за ўсё дасягаецца праз сістэму адукацыі. Такім чынам, інвестыцыі ў дасведчаную працоўную сілу азначаюць планаванне падтрымкі падрыхтоўкі настаўнікаў і асістэнтаў, значнае павелічэнне колькасці работнікаў у дзіцячых садках.

Прынцыпова новым выклікам з’яўляецца тое, што вучні перастаюць карыстацца валійскай мовай, бо яна не так шырока распаўсюджана на больш высокіх ступенях адукацыі. Такую сітуацыю можна змяніць праз гарантаваны моўны прагрэс, які дапаўняецца абавязацельствам па падтрымцы бесперапыннага доступу і развіцця моўных навыкаў для рынка працы.

Мэта ўрада па забеспячэнні мільёна носьбітаў пераўтварыла раней разрозненыя і раздробленыя ініцыятывы ў адзіны паўнавартасны дыскурс, які падпарадкоўваецца ўраду Уэльса. Гэта мае пазітыўныя наступствы для сацыялізацыі дзяржаўных служачых і дапамагае ім разглядаць валійскую мову як «нармалізаваную» грамадскую карысць ва ўсіх аспектах дзяржаўных абавязкаў.

Крытыкі мяркуюць, што забеспячэнне аднаго мільёна носьбітаў мовы ва Уэльсе не абавязкова вядзе да адраджэння мовы. Відавочна, што павярхоўнае выкарыстанне мовы ў сімвалічных абставінах мае меншае значэнне, чым фактычнае выкарыстанне валійскай у шырокім дыяпазоне сфер у штодзённым жыцці.

Невядома, ці ўдасца да 2050 года дасягнуць задачы ў мільён носьбітаў валійскай мовы ва Уэльсе. Але відавочна, што для дасягнення такой колькасці жыхароў Уэльса, якія карыстаюцца валійскай мовай, прыйдзецца стварыць на дзясяткі тысяч больш носьбітаў, каб перакрыць эміграцыю валійцаў у іншыя часткі Вялікабрытаніі і за яе межы. Акрамя таго, цяперашняе азначэнне носьбіта мовы можа адрознівацца ад азначэння, якое будзе выкарыстоўвацца ў 2050 годзе.

Дэфініцыі носьбіта мовы і вызначэнне «супольнасці носьбітаў» таксама могуць быць іншымі ў 2050 годзе. Носьбіты будуць падрыхтаваны сістэмай адукацыі такім чынам, каб ствараць віртуальную сетку, але зменяцца метады камунікацыі паміж людзьмі ў грамадстве, якое становіцца ўсё больш лічбавым. Палітыка павінна рэагаваць на гэтыя патэнцыйныя змены, аддаючы перавагу эфектыўнаму выкарыстанню валійскай мовы і перадачы мовы вялікай колькасці насельніцтва з рудыментарнымі навыкамі.

Аляксандр Лукашанец, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Шляхі гарманізацыі моўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь

Аляксандр Лукашанец

Канферэнцыя, прысвечаная праблеме двухмоўя,  з’яўляецца вельмі важнай падзеяй, бо тэма двухмоўя ёсць важная і актуальная сфера жыцця беларускага грамадства. Вывучэнне вопыту іншых краін, у прыватнасці Вялікабрытаніі, будзе для Беларусі карысным дзеля гарманізацыі моўнай сферы жыцця ў нашай краіне.

Мой даклад называецца “Шляхі гарманізацыі моўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь”. У дакладзе я разглядаю асаблівасці і характар моўнай сітуацыі ў Беларусі, праблемы выкарыстання беларускай дзяржаўнай мовы ў тых сферах, у якіх яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова, і магчымыя шляхі вырашэння тых моўных праблем, якія сёння існуюць у Беларусі.

Справа ў тым, і вы гэта добра ведаеце, што праблемы ўрэгулявання моўнай сферы жыцця грамадства ў першую чаргу адносяцца да полінацыянальных і полілінгвальных соцыумаў. У аднамоўных нацыях такія праблемы фактычна не ўзнікаюць.

Функцыянаванне нацыянальных моў у двух- і шматмоўным соцыуме абумоўлены: месцам тытульнай нацыі ў структуры насельніцтва краіны; асаблівасцямі моўнай сітуацыі і месцам у ёй тытульнай мовы; афіцыйным статусам тытульнай мовы; камунікатыўнай значнасцю тытульнай мовы; наяўнасцю лінгвістычнага забеспячэння і наяўнасцю заканадаўчай базы і месцам мовы ў сучаснай кібер-прасторы.

Я звяртаю сваю ўвагу на кібер-прастору таму, што сёння з пашырэннем новых інфармацыйных тэхналогій пытанне ставіцца такім чынам, што толькі паўнавартасная прысутнасць тытульных моў у кібер-прасторы забяспечыць іх захаванне і функцыянаванне ў нацыянальных соцыумах. Менавіта з гэтых пазіцый павінна ацэньвацца і вырашацца моўная сітуацыя ў Беларусі.

У Беларусі, калі казаць коратка, існуе дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе. Калі гаварыць больш канкрэтна пра моўную сітуацыю, то яе можна ахарактарызаваць як экзаэндагеннае незбалансаванае нераўнаважнае блізкароднаснае дзяржаўнае двухмоўе, ускладненае мовамі нацыянальных меншасцяў, нацыянальных дыяспар і пашырэннем прысутнасці сусветных моў, у прыватнасці англійскай і ў апошні час кітайскай мовамі.

Хачу звярнуць сваю ўвагу на апошні момант таму, што сёння англамоўная экспансія – гэта адзін з найважнейшых выклікаў для функцыянавання нацыянальных моў у сваіх нацыянальных соцыумах. Праблема тут заключаецца не толькі ва ўплыве англійскай мовы на лексіконы нацыянальных моў, гэта не самае важнае, важнейшае тое, што сёння англійская мова актыўна пранікае ва ўнутраныя нацыянальныя сферы камунікацыі. Гэта пашырае камунікатыўныя магчымасці грамадства, але разам з тым гэта ўтварае праблему выцяснення нацыянальных моў на этнакультурную перыферыю.

Калі казаць, што ў нас экзаэндагеннае незбалансаванае нераўнаважнае двухмоўе, то гэта азначае, што сёння ў нашым соцыуме, у нашай камунікатыўнай прасторы паралельна выкарыстоўваюцца дзве нацыянальныя мовы і розныя падсістэмы гэтых дзвюх нацыянальных моў – беларускай і рускай.

Сыходзячы з азначэння моўнай сітуацыі ў Беларусі, мы павінны вызначыць спецыфіку месца беларускай мовы ў агульнай камунікатыўнай прасторы Беларусі. Тут трэба звярнуць увагу на тое, што беларуская мова функцыянуе паралельна з іншай блізкароднаснай мовай з такім самым заканадаўчым статусам. Гэта вельмі важны аспект, які ўскладняе функцыянаванне беларускай мовы як дзяржаўнай. І другое, беларуская мова сёння рэальна займае другарадныя пазіцыі калі не ва ўсіх, то ў большасці афіцыйных сфер ужытку. У гэтым сэнсе парадокс нашага двухмоўя заключаецца ў тым, што мова тытульнай нацыі і нацыянальнай большасці не з’яўляецца пераважнай мовай камунікацыі ў большасці афіцыйных і неафіцыйных сфер зносін.

Гэта ўсё вымагае нас гаварыць пра неабходнасць гарманізацыі сферы моўнага жыцця Беларусі, пра выпрацоўку шэрагу тых мерапрыемстваў і мер, якія дазволяць нацыянальнай беларускай мове, тытульнай мове беларускай нацыі, заняць тое месца ў камунікатыўнай прасторы нашага грамадства і ў афіцыйных сферах ужытку, якое яна павінна займаць як дзяржаўная мова краіны. Я лічу, што для паўнавартаснага функцыянавання любой нацыянальнай мовы, у тым ліку і беларускай мовы, у двух- і шматмоўным соцыуме павінны быць выкананы наступныя комплексы ўмоў: комплекс лінгвістычных, прававых, адукацыйных і ментальна-псіхалагічных умоў. Менавіта для нашай моўнай сітуацыі комплекс ментальна-псіхалагічных умоў з’яўляецца, бадай што, самым важным.

Калі гаварыць пра лінгвістычныя ўмовы, якія забяспечваюць функцыянаванне нацыянальнай мовы як дзяржаўнай, то тут трэба гаварыць пра ўзровень развіцця сістэмы мовы, пра наяўнасць тэарэтычнай базы, пра наяўнасць факталагічнай базы і пра ўстойлівую пісьмовую традыцыю. Усё гэта неабходна для таго, каб нацыянальная мова абслугоўвала ўсе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства і выкарыстоўвалася ў вуснай і пісьмовай форме, асабліва ў афіцыйных сферах ужытку.

Сёння ёсць усе лінгвістычныя ўмовы для паўнавартаснага выкарыстання нацыянальнай беларускай мовы ва ўсіх сферах афіцыйнага ўжытку. Беларуская мова валодае дастатковым слоўнікавым складам і разгалінаванай тэрміналогіяй, каб выкарыстоўвацца там, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова. У нас ёсць дастаткова поўнае апісанне ўсіх узроўняў сістэмы беларускай мовы, і самае галоўнае, існуе факталагічная база, якая забяспечвае ўсе камунікатыўныя патрэбы сучаснай беларускамоўнай практыкі. І, нарэшце, устойлівая пісьмовая традыцыя, якая дазваляе выкарыстоўваць літаратурную пісьмовую мову ў афіцыйных сферах ужытку.

Прававыя ўмовы. Звычайна праблемы прававога ўрэгулявання выкарыстання нацыянальных моў узнікае ў двух- і шматмоўных грамадствах. Па гэтай прычыне ўзнікае праблема наяўнасці моўнага заканадаўства, якое забяспечвае паўнацэннае выкарыстанне нацыянальных моў, уключаючы прававую кампетэнцыю грамадзян, што вельмі важна для нашага грамадства, і адпаведнасць нацыянальнага моўнага заканадаўства міжнародным стандартам у моўнай сферы.

На сённяшні дзень мы можам гаварыць пра тое, што ў нас распрацавана моўнае заканадаўства, якое дазваляе нацыянальнай беларускай мове, мове нацыянальнай большасці і мове тытульнай нацыі, паўнавартасна выкарыстоўвацца ва ўсіх асноўных афіцыйных сферах ужытку, дзе павінна выкарыстоўвацца дзяржаўная мова. Але праблема заключаецца ў нястрогім выкананні існуючага заканадаўства. Больш за тое, сёння ў нас існуе праблема прававой кампетэнцыі грамадзян. Гэта значыць, што грамадзяне павінны ведаць свае правы ў моўнай сферы і ўмець іх адстойваць.

Адпаведнасць нацыянальнага моўнага заканадаўства міжнародным стандартам. Гэта вельмі важная праблема, якая заключаецца ў парадоксе статусу дзяржаўных моў, – дзяржаўная мова не можа атрымаць тых мер падтрымкі, якія павінны атрымліваць мовы нацыянальных меншасцяў. У сённяшняй моўнай сітуацыі, калі па пэўных параметрах выкарыстанне беларускай мовы як бы адпавядае мове нацыянальнай меншасці, яна не можа атрымаць тых мер дзяржаўнай падтрымкі, якія атрымліваюць мовы нацыянальных меншасцяў, менавіта з-за свайго статусу дзяржаўнай мовы.

Адукацыйныя ўмовы базуюцца на асноўных прынцыпах дзяржаўнага двухмоўя. Сёння вельмі важнымі з’яўляюцца задачы фарміравання беларускамоўнай кампетэнцыі ў грамадстве, у кожнага асобнага грамадзяніна і ў абавязковым парадку службовых асоб. Гэта галоўная задача дзяржаўнай сістэмы адукацыі, таму што дзяржаўная сістэма адукацыі сёння дае сістэмныя веды па беларускай мове, але галоўная задача ў тым, каб гэтыя веды былі дастатковыя, каб, будучы дарослым, любы грамадзянін мог свабодна выбіраць мову і свабодна ёй карыстацца ў сваёй дзейнасці.

Комплекс умоў ментальна-псіхалагічнага парадку. Гэта адна з найбольш важных і актуальных праблем для моўнага жыцця нашага грамадства, але на яе не заўсёды звяртаецца належная ўвага. Сярод ментальна-псіхалагічных умоў выдзяляюцца наступныя: усведамленне важнасці і прыярытэтнасці беларускай мовы ў сферы нацыянальнай камунікацыі; фарміраванне нацыянальнага беларускамоўнага этнацэнтрызму – мы павінны ставіцца да беларускай мовы як да самадастатковай сістэмы камунікацыі, не звяртаючы ўвагу, наколькі яна падобна ці не падобна на суседнія блізкародныя славянскія мовы; наданне беларускай мове функцыі аб’яднання нацыі, а не канфрантацыі.

На жаль, на сённяшні дзень гэта вельмі важная праблема для моўнага жыцця нашага грамадства –  пазбаўленне ад культурных стэрэатыпаў і палітычных ярлыкоў па моўнай прыкмеце. У свой час так здарылася, што яшчэ ў 1960-я гады склаліся пэўныя культурныя стэрэатыпы па моўнай прыкмеце, напрыклад, “беларуская мова – вясковы соцыум і традыцыйная культура”, “руская мова – гарадскі соцыум і сучасная культура”.

На сённяшні дзень вельмі важна для нас змяненне моўных паводзін – гэта значыць лёгка пераходзіць з аднаго моўнага коду на другі. Таксама важна пазбаўленне ад моўнага нігілізму і дэструктыўнага патрыятызму. На жаль, сёння мы павінны канстатаваць, што ў нашым грамадстве многія прыхільнікі беларускай мовы вельмі скептычна адносяцца да таго, што пазітыўна зроблена іншымі. Гэта таксама не садзейнічае пашырэнню беларускай мовы ў найважнейшых камунікатыўных сферах і разуменню важнасці гэтай праблемы.

Фарміраванне сацыяльнай базы функцыянавання беларускай мовы. Сёння мы назіраем працэс імклівага перамяшчэння сацыяльнай базы падтрымкі і пашырэння беларускай мовы з сельскай мясцовасці ў гарадскі соцыум і нарэшце ўсведамленне ролі беларускай мовы як фактару псіхалагічнага камфорту асобы і годнасці нацыі. Чаму я пра гэта гавару? Сёння ў нашым грамадстве трэба зразумець, што толькі веданне абедзвюх дзяржаўных моў, а гэта значыць у першую чаргу беларускай мовы, дазволіць кожнаму грамадзяніну псіхалагічна камфортна адчуваць сябе ў любой маўленчай сітуацыі, калі ён зможа свае моўныя паводзіны прыстасоўваць да той маўленчай сітуацыі, у якой ён знаходзіцца.

Я б хацеў падкрэсліць, што гэты комплекс умоў, ментальна-псіхалагічных планаў, з’яўляецца сёння найбольш важным і вельмі складаным па той прычыне, што гэтыя ўмовы нельга вырашыць ніякімі ўказамі ці пастановамі, а толькі праз працу з соцыумам па фарміраванні моўнай свядомасці.

Канструктыўныя фактары функцыянавання мовы, якія дазваляюць беларускай мове выкарыстоўвацца як дзяржаўнай: пераважна монанацыянальны склад насельніцтва – гэта значыць, што мы маем базу для пашырэння выкарыстання беларускай мовы і для павелічэння колькасці актыўных носьбітаў; дзяржаўны статус мовы, які рэгламентуе яе выкарыстанне ва ўсіх сферах афіцыйных зносін; наяўнасць моўнага заканадаўства, якое прапісвае моўныя правы грамадзян і абавязкі службовых асоб па забеспячэнні моўных правоў грамадзян; узровень развіцця сістэмы беларускай мовы; новая сацыяльная база беларускай мовы – той факт, што цэнтр падтрымкі і пашырэння выкарыстання беларускай мовы перамяшчаецца менавіта ў гарадскі соцыум спрыяе павышэнню яе прэстыжнасці, аўтарытэтнасці і перспектыўнасці.

Дэструктыўныя фактары функцыянавання беларускай мовы: сітуацыя дзяржаўнага двухмоўя, бо гэта прадугледжвае паралельнае функцыянаванне, а значыць і канкурэнцыю паміж мовамі; блізкароднасны характар дзяржаўнага двухмоўя, з аднаго боку, гэта пазітыўны фактар, бо гэта здымае праблему ўзаемнага паразумення, а з іншага боку, негатыўны аспект блізкароднасці дзяржаўнага двухмоўя заключаецца ў тым, што адсутнасць праблем узаемнага паразумення здымае вастрыню пытання па падтрыманні і пашырэнні менавіта нацыянальнай мовы і выкананні моўнага заканадаўства; недастатковая беларускамоўная кампетэнцыя беларускага грамадства; адсутнасць беларускамоўных анклаваў – гэта значыць адсутнасць на тэрыторыі Беларусі і ў свеце такіх тэрыторый, дзе пераважная колькасць насельніцтва гаворыць па-беларуску; моўны нігілізм і дэструктыўны патрыятызм; перавага нятытульнай мовы ў найважнейшых сферах камунікацыі; стэрэатыпы моўных паводзін.

Сутнасць дзяржаўнага двухмоўя заключаецца ў паралельным, парытэтным і раўнапраўным выкарыстанні абедзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх найважнейшых сферах афіцыйнага ўжытку. У першую чаргу ў дзяржаўнай, заканадаўчай, афіцыйна-дзелавой, палітычнай, адукацыйнай сферах.

Прынцыпы дзяржаўнага двухмоўя. Першы прынцып: права кожнага грамадзяніна краіны карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай і атрымліваць любую інфармацыю на кожнай з дзяржаўных моў. Другі прынцып таксама вельмі важны: абавязак дзяржавы, паколькі ў нас дзяржаўнае двухмоўе, праз свае ўстановы і інстытуты, службовых асоб забяспечыць кожнаму грамадзяніну безумоўнае права карыстацца любой дзяржаўнай мовай ва ўсіх жыццёвых сітуацыях у межах Беларусі. Гэта азначае, што любы дзяржаўны служачы, любога ўзроўню, на сваім рабочым месцы з’яўляецца не грамадзянінам, які мае права, а прадстаўніком дзяржавы, які павінен забяспечыць моўныя правы іншым грамадзянам.

Першачарговыя задачы гарманізацыі моўнай сферы Рэспублікі Беларусь:

— прывядзенне моўнага заканадаўства ў адпаведнасць з прынцыпамі дзяржаўнага двухмоўя, гэта значыць, што на сённяшні дзень наспела неабходнасць унясення змен у Закон аб мовах –  фразы ці выразы “на беларускай або рускай мове” і “на беларускай і (або) рускай мове” трэба адназначна паслядоўна замяняць на “на беларускай і рускай мове”. Тады будзе забяспечаны прынцып дзяржаўнага двухмоўя;

— падрыхтоўка, абмеркаванне і прыняцце ўсіх законаў Беларусі, указаў прэзідэнта і пастаноў Савета Міністраў і іншых заканадаўчых актаў на абедзвюх дзяржаўных мовах і наданне ім аднолькавай законнай сілы, гэта значыць забяспечыць права грамадзяніна атрымліваць неабходную прававую інфармацыю на прымальнай для яго дзяржаўнай мове;

— забеспячэнне грамадзян поўным камплектам любых афіцыйных бланкаў і форм розных дакументаў на абедзвюх дзяржаўных мовах, гэта рэальна забяспечыць права грамадзяніна выбіраць мову камунікацыі, што адпавядае прынцыпу дзяржаўнага двухмоўя;

— забеспячэнне абавязковай наяўнасці неабходнай для пакупніка ці карыстальніка інфармацыяй на харчовых і прамысловых таварах, лекавых прэпаратах і інш., якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Беларусі на дзвюх дзяржаўных мовах. Гэты аспект мусіць разглядацца як аспект бяспекі жыцця грамадзяніна, бо ад таго, якую ён інфармацыю атрымае і як ён яе зразумее, залежыць яго жыццё і здароўе;

— забеспячэнне ў працэсе атрымання вышэйшай адукацыі неабходнай і дастатковай беларускамоўнай кампетэнцыі спецыяліста ва ўсіх сферах, у першую чаргу педагагічных кадраў і работнікаў сферы культуры. Толькі ў гэтым выпадку кожны спецыяліст будзе мець магчымасць выкарыстоўваць у сваёй прафесійнай дзейнасці любую дзяржаўную мову;

— увядзенне абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання па абедзвюх дзяржаўных мовах пры заканчэнні агульнаадукацыйнай установы і пры паступленні ў ВНУ Беларусі. Паколькі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, якія маюць аднолькавы заканадаўчы статус, патрабаванні да ацэнкі іх ведаў павінны быць аднолькавымі і абавязковымі. Наколькі я ведаю, у Міністэрстве адукацыі ўжо вядзецца работа ў гэтым напрамку, і я думаю, што мы хутка гэта ўбачым;

— фарміраванне паўнавартаснай беларускамоўнай унутрынацыянальнай інфармацыйнай інтэрнэт-прасторы і беларускамоўнага сегменту ў міжнароднай інфармацыйна-культурнай кібер-прасторы. Гэта адзін з найважнейшых прыярытэтных кірункаў захавання натуральных моў у сучасным свеце, і гэта павінна стаць адным з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай моўнай палітыкі. Праца ў гэтым кірунку таксама вядзецца, напрыклад, сайт НАН Беларусі паралельна функцыянуе на абедзвюх нацыянальных мовах, і так павінна быць ва ўсіх афіцыйных установах пачынаючы ад Адміністрацыі прэзідэнта і заканчваючы раённымі выканаўчымі камітэтамі. Тады ў нас будзе поўная беларускамоўная інфармацыйная прастора, дзе любы карыстальнік можа атрымаць любую неабходную інфармацыю.

Ажыццяўленне гэтых мер дазволіць: забяспечыць выкананне прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі; рэалізаваць на практыцы права грамадзян на атрыманне інфармацыі на любой дзяржаўнай мове; ажыццявіць магчымасць атрымання адукацыі на любой дзяржаўнай мове; і самае галоўнае, дазволіць умацаваць нацыянальна-этнічную адметнасць беларускай нацыі.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі” Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (2020)

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *