Фота: Чарнобыль. 30 гадоў пасля катастрофы

img_698326 красавіка 1986 года выбух на Чарнобыльскай АЭС выкінуў ў атмасферу велізарную колькасць радыяцыі, што прывяло да забруджання значнай тэрыторыі Еўропы. Беларусь пацярпела ад гэтай аварыі найбольш моцна.

Савецкі Саюз спрабаваў схаваць факт здарэння. Навіна аб выбуху з’явілася толькі праз два дні — пасля таго, як Швецыя зафіксавала павышэнне ўзроўню радыяцыі на сваёй тэрыторыі. Эвакуацыя насельніцтва ў непасрэднай блізіні ад АЭС пачалася толькі праз некалькі дзён.

Адным з наступстваў Чарнобыля быў ўсплёск захворванняў на рак шчытападобнай залозы, асабліва сярод дзяцей. Значным палітычным эфектам аварыі стаў рост недаверу насельніцтва да савецкай улады. У 2006 годзе Міхаіл Гарбачоў нават заявіў, што рэальнай прычынай распаду СССР стала Чарнобыльская аварыя.

Хоць электрастанцыя знаходзілася ва ўкраінскім горадзе Прыпяць, дзве траціны радыёактыўных ападкаў прызямліліся на беларускай тэрыторыі. Фатограф Сяргей Лескець задакументаваў жыццё ў забруджаных раёнах Беларусі сёння, праз трыццаць гадоў пасля найбуйнейшай атамнай аварыі ў гісторыі.

Уваход у зону забруджання  праз кантрольна-прапускны пункт у вёсцы Бабчын. Інфармацыя пра ўзровень радыяцыі абнаўляецца штодня. Наведаць зону можна толькі пры наяўнасці спецыяльнага дазволу. Перад выездам з зоны аўтамабілі правяраюцца на наяўнасць бэта-часцінак.

Навуковец вымярае ўзровень радыяцыі каля ўваходу ў закінутую вёску Бабчын, дзе да аварыі жылі больш за 700 чалавек.

У 2012 годзе жыхары вёскі Губарэвічы, размешчанай у непасрэднай блізіні ад ахоўнай тэрыторыі, усталявалі месца ўшанавання Божай Маці.

Сёння ў Губарэвічах жыве ўсяго сем чалавек. Яны шануюць Божую Маці за магчымасць жыць у радыяцыйнай зоне.

43-гадовы Мікалай Сацура жыве ў доме свайго бацькі ў вёсцы Навасёлкі, побач з моцна забруджанымі тэрыторыямі. У 1980-я гады большасць жыхароў вёскі былі пераселеныя, але некаторыя людзі засталіся. Мікалай кажа, што не турбуецца пра дозу радыяцыі ў мёдзе, які ён робіць.

Марыя Сацура (78 гадоў) трымае партрэт свайго мужа-нябожчыка Яўгена, які адмовіўся пакінуць родную вёску пасля выбуху. Яўген памёр у 2001 годзе, ва ўзросце 59 гадоў. Марыя бавіць зіму са сваякамі ў горадзе, але вяртаецца ў вёску кожную вясну.

Васіліна Мазырэц (85 гадоў) з’яўляецца адзінай жанчынай у вёсцы, хто адмовіўся здаць сваю карову пасля аварыі. Нягледзячы на свой узрост, яна жыве самастойна. Ці баіцца яна радыяцыі? Васіліна кажа, што п’е сырое малако кожную раніцу і вечар, і гэта падтрымлівае яе здароўе.

Уцякаючы ад радыяцыі, людзі пакідалі некаторыя сямейныя фота.

Большасць пакінутых хатаў у забруджанай зоне былі знішчаныя ўладамі. Вось так выглядае інтэр’ер тых нешматлікіх хатаў, якія яшчэ засталіся.

Кацярына Крывенчук сядзіць на лаўцы перад сваім домам. Да Чарнобыля гэта была ажыўленая вуліца, але цяпер дом стаіць пасярод поля. Кацярына пражыла ўсё сваё жыццё ў вёсцы, працавала ў лясгасе, а пасля ў калхозе.

Пажылая пара, Сафія і Сцяпан,  на сядзібе ў вёсцы Дварышча. Вёска знаходзіцца наводдаль ад моцна забруджаных раёнаў, і тут жывуць нават сем’і з малымі дзецьмі .

70-гадовы Іван Быліцкі пасля выбуху быў пераселены з роднага сяла ў Кіраў Жлобінскага раёна. Пазней ён вярнуўся ў свой родны рэгіён і жыве ў доме, які застаўся пасля смерці бацькоў яго жонкі.

Так выглядае пакінутая вёска пасля «зачысткі». Толькі могілкі засталіся пасярод зялёнага поля.

Пакінуты дом у вёсцы Савічы Брагінскага раёна, якая на сучасных картах адзначаная як незаселеная. Сёння толькі з дзясятак былых жыхароў яшчэ жывуць у вёсцы.

Прырода наступае на пакінуты дом у вёсцы Савічы. Тут стаіць незвычайная ціша.

Пакінутая школа ў вёсцы Савічы Брагінскага раёна.

Супрацоўнік кантрольна-прапускнога пункта Навасёлкі вядзе каня праз вароты ў зону радыяцыі.

Пра фатографа: Сяргей Лескець — незалежны фатограф, чыя праца насычаная побытам, народнымі традыцыямі і рытуаламі беларускай вёскі. Ён паходзіць з Маладзечанскага раёна, вывучаў гісторыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *