Як улады будуюць падтрымку сярод моладзі

Беларусы старэйшага веку, што настальгуюць па савецкім мінулым, натуральным чынам складаюць электарат прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Але з канца 1990-х гадоў Аляксандр Лукашэнка прыклаў значныя намаганні для пашырэння падтрымкі свайго кіравання сярод моладзі. Важную ролю ў гэтым працэсе адыграў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ).

БРСМ быў створаны ў 2002 годзе ў выніку зліцця Ленінскага камуністычнага саюза моладзі і Беларускага патрыятычнага саюза моладзі. З самага пачатку гэтая арганізацыя атрымала дзяржаўную падтрымку і магчымасць для развіцця ў адрозненне ад апазіцыйна настроеных моладзевых рухаў.

БРСМ меў бюджэт у 4,5 млн даляраў у 2013 годзе і 6,61 млн у 2011  — гэта больш, чым фінансаванне нацыянальных тэлеканалаў. Прэзідэнт неаднаразова выказаваў пажаданне, каб арганізацыя станавілася самадастатковай, але дзяржава па-ранейшаму забяспечвае БРСМ фінансаванне.

На сённяшні дзень арганізацыя налічвае больш 500,000 чальцоў. Яна стварыла ўласную латарэю (Юность) і радыёканал ( Пілот ФМ), а таксама курыруе некалькі газет ( «Знамя Юности», «Переходный возраст», «Зорька»).

Пры ўсіх школах, каледжах, універсітэтах і вайсковых частках  створаныя суполкі БРСМ.

Большасць чальцоў БРСМ з’яўляюцца вучнямі 10 ці 11 класаў, якія мала ведаюць пра ідэалагічную ролю гэтай арганізацыі ў Беларусі. Іх часта рэкрутуюць масава, усім класам. Вучні бяздумна ставяць подпісы, і ў некаторых выпадках нават не разумеюць, што становяцца чальцамі БРСМ

Вучням сярэдняй школы кажуць, што іх сяброўства ў БРСМ будзе спрыяць паступленню ва ўніверсітэт, забяспечыць месца ў добрым інтэрнаце і некаторыя іншыя перавагі. У большасці выпадкаў гэта пустыя абяцанні. Замест таго, сяброўства ў БРСМ накладае дадатковыя абавязацельствы, такія як удзел у масавых дэманстрацыях у дні дзяржаўных святаў або спартыўных мерапрыемствах.

Аднак пэўная катэгорыя маладых людзей далучылася да арганізацыі наўмысна. Некаторыя з іх падтрымліваюць палітыку Лукашэнкі, ў той час як іншыя спадзяюцца, што сяброўства ў БРСМ будзе спрыяць кар’ернаму росту, асабліва ў дзяржаўнай бюракратыі. Лукашэнка часта адзначаў, што БРСМ служыць добрай школай новых кадраў для дзяржаўнага апарату.

Былы першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі з’яўляецца сынам палкоўніка КДБ Івана Бузоўскага. У 2015 годзе 42-гадовы Ігар Бузоўскі быў прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Ён таксама ўваходзіць у склад верхняй палаты беларускага парламента — Савета Рэспублікі.

Арганізацыя ўдзельнічае ў айчынных і міжнародных конкурсах грантаў і часта выйграе з прычыны вялікай колькасці чальцоў і шырокага ахопу. Чальцы БРСМ плацяць невялікія сяброўскія ўнёскі, і многія маюць магчымасць атрымаць працу ў будаўніцтве ў летні перыяд, каб крыху зарабіць. Напрыклад, яны прымалі ўдзел у аднаўленні Аўгустоўскага канала, будаўніцтве будынка Нацыянальнага алімпійскага камітэта, а таксама Астравецкай атамнай электрастанцыі.

Паводле дадзеных апытання НСЭПД 2010 года, 64% беларусаў ведалі пра БРСМ і 37% з іх ацэньвалі яго дзейнасць станоўча. Пры гэтым 20% рэспандэнтаў заявілі, што яны гатовыя стаць сябрамі арганізацыі. Для параўнання, толькі 8% рэспандэнтаў ведалі пра Малады фронт, самую вядомую моладзевую апазіцыйную арганізацыю.

Пра фатографа: Сяргей Лескець — незалежны фатограф, чыя праца насычаная побытам, народнымі традыцыямі і рытуаламі беларускай вёскі. Ён паходзіць з Маладзечанскага раёна, вывучаў гісторыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *