Нефармальная адукацыя ў Беларусі: пашырэнне прасторы навучання

Цэнтр Астрагорскага прадстаўляе даследаванне «Нефармальная адукацыя ў Беларусі: пашырэнне прасторы навучання». Аўтары публікацыі — Яраслаў Крывой і Вадзім Смок.

Даследаванне прапануе рэкамендацыі для павышэння эфектыўнасці нефармальнай адукацыі ў Беларусі. Аўтары правялі шэраг інтэрв’ю з выкладчыкамі і студэнтамі ў сферы нефармальнай адукацыі ў Беларусі, а таксама вывучылі літаратуру па стане, мэтах і тэндэнцыях нефармальнай адукацыі ў Беларусі.

Выпрацаваныя рэкамендацыі прызначаныя найперш для ўстаноў нефармальнай адукацыі і донарскіх арганізацый, што іх фінансуюць, а таксама для дзяржаўных адукацыйных установаў, якія могуць атрымаць карысць ад супрацоўніцтва з сектарам нефармальнай адукацыі.

Асноўныя высновы даследвання:

• Кіраўніцтва Беларусі доўгі час разглядала сістэму нефармальнай адукацыі як пагрозу існуючаму аўтарытарнаму палітычнаму рэжыму і імкнулася абмежаваць сферу яе дзейнасці. У краінах з развітым дэмакратычным ладам фармальная і нефармальная адукацыі дапаўняюць адна адну, тым часам як у Беларусі яны нават часам супрацьстаяць адна адной.

• Улады замацавалі сістэму ідэалагічнага кантролю над універсітэцкімі дысцыплінамі, асабліва што тычыцца інтэрпрэтацыі палітычных падзей. У такой сітуацыі распаўсюджванне ведаў без дагматычнага падыходу і палітычнага ўмяшальніцтва стала асноўнай задачай для арганізацый нефармальнай адукацыі ў Беларусі.

• У пытанні фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці кіраўніцтва Беларусі у вялікай ступені працягвае абапірацца на савецкую спадчыну і не аддае належнай увагі нацыянальнай свядомасці і еўрапейскаму аспекту ідэнтычнасці. Таму нефармальныя адукацыйныя праекты імкнуцца ўзмацніць гэтыя аспекты. Задачай значнай колькасці нефармальных адукацыйных арганізацый у Беларусі з’яўляецца павелічэнне колькасці людзей з дэмакратычнымі поглядамі і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

• Многія праекты ў сферы нефармальнай адукацыі абмежаваныя недахопам альтэрнатыўных сродкаў фінансавання. Пошук фінансавання для нефармальных адукацыйных ініцыятыў унутры краіны застаецца няпростай задачай. Гэта абумовіла амаль поўную залежнасць нефармальнай адукацыі ад замежных донараў. Апроч таго, за апошнія гады аб’ём фінансавай падтрымкі беларускай нефармальнай адукацыі скараціўся.

• Каб павялічыць прывабнасць беларускай нефармальнай адукацыі і наблізіць яе да палітычных і эканамічных рэалій Беларусі, праекты ў гэтай сферы мусяць быць накіраваныя на развіццё асабістых навыкаў, запатрабаваных на рынку працы, у тым ліку прадпрымальніцкіх і творчых здольнасцяў, навыкаў планавання і ажыццяўлення праектаў.

• Нефармальная адукацыя павінна выкарыстоўваць новыя бізнэс-мадэлі для паляпшэння свайго фінансавага становішча. Для гэтага неабходныя эфектыўныя брэндавыя і рэкламныя стратэгіі, арыентацыя на практычныя веды і ўменне прэзентаваць і прадаць свае прапановы.

• Прызнанне нефармальнай адукацыі ўладамі ці вышэйшымі навучальнымі ўстановамі ў Беларусі па палітычных прычынах застаецца складанай задачай, таму варта вывучаць магчымасці прызнання яе замежнымі адукацыйнымі інстытутамі.

• Беларусь з’яўляецца адным з цэнтраў Еўропы ў галіне афшорнага праграмавання, і гэта адна з прычынаў, чаму сектар нефармальнай адукацыі мусіць імкнуцца ў большай ступені задзейнічаць сучасныя тэхналогіі для павелічэння сферы іх распаўсюджання і ўплыву, у прыватнасці праз выкарыстанне дыстанцыйнага навучання.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *