Аналітычны дакумент: Рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і досвед Вялікабрытаніі

Аснову гэтага даследавання склалі ідэі і прапановы, выказаныя падчас канферэнцыі, якую 28 снежня 2017 года ў Мінску правялі Цэнтр Астрагорскага і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі.

Канферэнцыя была прысвечаная пытанням юрыдычнай адукацыі і яе рэфармаванню ў Беларусі і Вялікабрытаніі. Яна дазволіла навукоўцам абмеркаваць лепшыя практыкі і тэндэнцыі ў галіне юрыдычнай адукацыі. Асноўныя тэмы датычыліся арганізацыі навучальнага працэсу, удасканалення прафесійных навыкаў студэнтаў і спецыялістаў, а таксама магчымасцяў міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы юрыдычнай адукацыі.

Для Беларусі, дзе роля дзяржавы ў эканоміцы застаецца істотнай, далейшае развіццё прававой сістэмы і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне права павінна быць прыярытэтам. Вяршэнства права з’яўляецца неабходнай асновай для рынкавай эканомікі. Яно забяспечвае асяроддзе для стварэння і захавання багацця, эканамічнай бяспекі і дабрабыту, а таксама паляпшэння якасці жыцця. Усталяванне вяршэнства права з’яўляецца выклікам для ўсіх постсавецкіх дзяржаў у працэсе іх пераходу да рынкавай эканомікі.

Фота: flickr.com

Беларусь не з’яўляецца выключэннем з існуючых тэндэнцый паляпшэння прафесійнай і акадэмічнай якасці падрыхтоўкі юрыстаў, бо рэформы юрыдычнай адукацыі адбываюцца амаль ва ўсіх краінах. У кожнай сістэмы ёсць свае падставы для паляпшэння якасці юрыдычнай адукацыі, але агульнай з’яўляецца праблема ўладкавання на працу маладога юрыста пасля заканчэння ўніверсітэта.

Нядаўна зацверджаная Канцэпцыя аб развіцці юрыдычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь да 2025 года часткова закранае праблемы, з якімі сутыкнулася сучасная беларуская юрыдычная супольнасць: недахоп практыкаарыентаваных курсаў для студэнтаў, неабходнасць узняць узровень падрыхтоўкі выкладчыкаў, і інш.

На погляд беларускай юрыдычнай супольнасці, асноўнымі недахопамі сучаснай беларускай юрыдычнай адукацыі таксама з’яўляюцца праблемы перагружанасці выкладчыкаў лекцыйнымі гадзінамі, адсутнасць вузкай спецыялізацыі, забюракратызаваныя механізмы атрымання замежных грантаў, недастатковае фінансаванне стажыровак выкладчыкаў за мяжой, недахоп ведання замежных моў, адсутнасць лічбавых адукацыйных платформ (як у выглядзе доступу да перадавых сусветных бібліятэк, так і распрацоўкі ўнутраных платформ для размяшчэння матэрыялаў настаўнікамі і студэнтамі).

Беларусь займае 52 месца у індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу сярод 188 краін Праграмы развіцця ААН, што ёсць адным з самых высокіх паказчыкаў сярод краін усходнееўрапейскага рэгіёна. Гэта азначае, што Беларусь з’яўляецца канкурэнтаздольнай у галіне асветы і паляпшэнні юрыдычнай адукацыі. Для рэформы беларускай юрыдычнай адукацыі варта прыцягваць шырокае кола прафесіяналаў, супрацоўнічаць з недзяржаўнымі адукацыйнымі ўстановамі (асацыяцыямі) і на сталай аснове абменьвацца досведам з замежнымі калегамі.

Рэкамендацыі

Прыняцце Канцэпцыі аб развіцці юрыдычнай адукацыі да 2025 года і абмеркаванне гэтай канцэпцыі з акадэмічнай супольнасцю з’яўляюцца важным крокам наперад. Акрамя гэтага, каб палепшыць якасць юрыдычнай адукацыі ў Беларусі, варта таксама ўлічыць перадавы сусветны досвед, прынамсі той, які можна прасачыць у Вялікабрытаніі. На сённяшні дзень можна зрабіць наступныя рэкамендацыі беларускім навучальным установам.

  • Павялічыць час самастойнай працы студэнтаў і вызваліць час выкладчыкаў для навуковай дзейнасці

Навучальным установам карысна было б скараціць колькасць абавязковых лекцыйных гадзін на юрыдычных факультэтах з мэтай вызвалення часу для навуковай дзейнасці выкладчыкаў. Беларускія студэнты, у сваю чаргу, мусяць вучыцца самастойна працаваць з навучальнымі матэрыяламі, каб развіваць свае аналітычныя навыкі і крытычнае мысленне. Прадметы, якія не звязаны з выкладаннем права, павінны быць скарочаныя. Гэта дазволіць беларускім студэнтам зэканоміць адзін год навучання і раней перайсці да юрыдычнай практыкі. Пры ацэнцы студэнцкіх ведаў варта больш увагі надаваць пісьмовым працам.

  • Уключыць беларускую юрыдычную адукацыю ў міжнароднае супрацоўніцтва

Каб беларуская адукацыйная супольнасць у сферы адукацыі не была адарвана ад міжнародных тэндэнцый, установам трэба стварыць “працуючыя” ўмовы для абмену досведам паміж выкладчыкамі з беларускіх юрыдычных факультэтаў і іх замежнымі калегамі, прыцягнення замежных калег для працы ў Беларусі, фінансавання дадатковага юрыдычнага навучання выкладчыкаў за мяжой, спрашчэння правілаў прыняцця дапамогі ад замежных і міжнародных устаноў, арганізацыі курсаў па вывучэнні прафесійнай замежнай лексікі, спрыяння публікацыям беларускіх выкладчыкаў у замежных навуковых часопісах.

  • Пераймаць найлепшыя міжнародныя практыкі навучання і працы са студэнтамі

Беларускай юрыдычнай адукацыі варта развіваць, перш за ўсе, юрыдычную бібліятэку шляхам адкрыцця доступу да існуючых онлайн-рэсурсаў. Некаторыя рэсурсы могуць даваць доступ па зніжаных коштах альбо бясплатна.

Фота: commons.wikimedia.org

Добрую рэпутацыю ўніверсітэта нельга ўявіць без удзела студэнтаў у міжнародных юрыдычных спаборніцтвах і канферэнцыях, таму беларускім установам юрыдычнай адукацыі трэба больш заахвочваць студэнтаў да ўдзела ў іх.

Праблема з працаўладкаваннем студэнтаў можа быць часткова вырашана праз стварэнне ўніверсітэцкіх кар’ерных цэнтраў, роля якіх палягае ў наладжванні кантактаў з патэнцыйнымі працадаўцамі і падрыхтоўцы студэнтаў да паспяховага ўладкавання на працу. Як адзначае Канцэпцыя аб развіцці юрыдычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь да 2025 года, сістэме юрыдычнай адукацыі бракуе высокапрафесійных кадраў, здольных прымяняць веды на практыцы. Таму варта рабіць акцэнт на развіцці навуковай дзейнасці студэнтаў праз увядзенне курсаў па акадэмічным пісьме і стварэнне цэнтраў па дапамозе рэдакцыі навуковых тэкстаў.

  • Прыцягваць да рэформы юрыдычнай адукацыі шырокае кола зацікаўленых асобаў

Беларускім навучальным установам варта прыцягнуць да ўдзелу ў рэфармаванні юрыдычнай адукацыі навукоўцаў, прафесійную супольнасць і аналітыкаў у галіне эканомікі, а таксама вывучыць досвед суседніх і заходніх краінаў.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *