Аналітычны дакумент: Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі — заканадаўства і практыка

Цэнтр Астрагорскага прадстаўляе аналітычны дакумент: ‘Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі — заканадаўства і практыка‘.

Дадзены аналітычны дакумент гэта вынік супрацы даследчыкаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Швецыі і міжнароднай канферэнцыі “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі”, якую арганізавалі Брытанскі інстытут міжнароднага і параўнальнага права сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі. Канферэнцыя прайшла ў Мінску 15 студзеня 2020 года, удзельнікі абмеркавалі практычную рэалізацыю двухмоўя ў Беларусі і магчымасці выкарыстання досведу Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Кароткі змест даследавання

Згодна з ацэнкай ЮНЕСКА, беларуская і валійская мовы маюць аднолькавы статус – “уразлівы”. Ва Уэльсе на валійскай мове размаўляюць каля 29% з 3-мільённага насельніцтва, у Беларусі, з 9,5-мільённага насельніцтва на беларускай мове размаўляюць 26%.

Нягледзячы на тое, што абедзве мовы з’яўляюцца тытульнымі і маюць статус дзяржаўных, кожная з іх сутыкаецца з канкурэнцыяй з іншай, дамінуючай мовай – ангельскай і рускай адпаведна. Як у Беларусі, так і ва Уэльсе шмат актараў, зацікаўленых у папулярызацыі нацыянальнай мовы. Пры гэтым гісторыя і палітычны кантэкст у гэтых краінах адрозніваюцца. Галоўны выклік для абедзвюх моў – канкурэнцыя слабейшай тытульнай мовы з дамінуючай мовай, на якой размаўляе большасць насельніцтва.

Валійская мова на сённяшні момант знаходзіцца ў самым выгадным становішчы з усіх рэгіянальных моў Вялікабрытаніі і з’яўляецца дзяржаўнай ва Уэльсе. Адным з найважнейшых крокаў на шляху развіцця валійскай мовы стала замацаванне афіцыйнага статусу за валійскай мовай у Законе аб валійскай мове ад 1993 года.

Падтрымка валійскай мовы сёння рэгулюецца Законам аб валійскай мове ад 2011 года, які дапоўніў і часткова змяніў папярэднюю рэдакцыю закона. Закон замацоўвае дзяржаўны статус валійскай мовы, уводзіць пасаду абмудсмена і Трыбунал па валійскай мове, замацоўвае стандарты выкарыстання мовы накіраваныя на забеспячэнне роўнага статусу валійскай і ангельскай мовы.

Валійская мова па-ранейшаму знаходзіцца пад пагрозай з-за дамінавання ангельскай ва ўсіх сферах. У апошнія дзесяцігоддзі ўрад Уэльса прасоўвае валійскую мову і падтрымлівае яе праз розныя праграмы. Поспех папулярызацыі валійскай мовы ў многім залежыць ад кансалідацыі розных сілаў вакол моўнага пытання. Дэпалітызацыя падтрымкі валійскай мовы часткова дапамагла сканцэнтравацца на тэхнічных аспектах папулярызацыі мовы.

Сёння моўнае пытанне ў Беларусі моцна палітызавана, а з іншага – дзяржава не вельмі актыўна падтрымлівае ініцыятывы з боку профільных грамадскіх арганізацый з недзяржаўнага сектара, альбо не заклікае іх да распрацоўкі і рэалізацыі дзяржаўных праграм.

Пашырэнне выкарыстання беларускай мовы можа адбыцца пры ўмове дэпалітызацыі моўнага пытання і наяўнасці кансэнсусу па ім паміж усімі палітычнымі сіламі. Шырокая грамадская дыскусія па праблемах пашырэння выкарыстання беларускай мовы павінна грунтавацца не на палітычных, а на тэхнічных аспектах. Працэс дэпалітызацыі моўнага пытання ў краіне ўжо пачаўся, але ён не трывалы.

Параўнанне мер падтрымкі слабейшых моў у Беларусі і ва Уэльсе паказвае, што меры падтрымкі беларускай мовы саступаюць мерам падтрымкі валійскай мовы. Нягледзячы на меншую ў намінальным выражэнні колькасць носьбітаў валійскай мовы (874.000) ў параўнанні з носьбітамі беларускай мовы (2.227.175), падтрымка апошняй значна саступае падтрымцы валійскай мовы. Але мы дапускаем, што спіс прыведзеных мер падтрымкі беларускай мовы можа быць няпоўным, бо ёсць верагоднасць існавання праграм падтрымкі беларускай мовы, якія не публікуюцца ў адкрытым доступе.

Рэкамендацыі:

Дэпалітызаваць моўнае пытанне. Пошук рашэння моўнага пытання павінен стаць агульнанацыянальнай задачай, а не сферай інтарэсаў вузкіх палітычных і профільных колаў. Шырокая публічная дыскусія мае адбывацца дэпалітызавана ў кірунку пашырэння выкарыстання беларускай мовы на тэхнічным узроўні. Палітычныя эліты з дапамогай СМІ праз свой уласны досвед павінны публічна паказваць, што беларуская мова не штучная мова ці мова вёскі, нацыяналістаў і апазіцыі, а неад’емны элемент беларускай культуры, які спрыяе аб’яднанню нацыі і ўмацаванню незалежнасці Беларусі. Гэта паспрыяе ўмацаванню адносін паміж дзяржаўным і недзяржаўным сектарам, а таксама дазволіць забяспечыць правы беларускамоўных грамадзян.

Афіцыйна прызнаць ўразлівы стан беларускай мовы. Для афіцыйнага прызнання заняпаду беларускай мовы неабходна палітычная воля на самым высокім узроўні. Праз публічнае прызнанне ўразлівага стану беларускай мовы адкрываецца легітымная магчымасць для ўдасканалення заканадаўчай базы і прыняцця дадатковых мер па падтрымцы слабейшай дзяржаўнай мовы. Гэта дазволіць знізіць супраціў уладаў на месцах пры імплементацыі палітыкі па падтрымцы беларускай мовы.

Весці статыстычны ўлік выкарыстання дзяржаўных моў. Для разумення рэальнага стану дзяржаўнага двухмоўя неабходна збіраць звесткі па іх ўжыванні ва ўсіх сферах – перадусім у дзяржаўным сектары, сферы адукацыі і СМІ. Таксама патрабуецца перапрацоўка структуры пытанняў перапісу насельніцтва з улікам брытанскага досведу, што дапаможа дакладней адсочваць тэрыторыі распаўсюджвання моў і іх дыялектаў (у тым ліку так званай “трасянкі”), гендарныя і ўзроставыя характарыстыкі, узровень валодання мовамі жыхарамі краіны. Гэта дазволіць фармаваць больш эфектыўную дзяржаўную палітыку па падтрымцы беларускай мовы.

Распрацаваць нацыянальную стратэгіі развіцця беларускай мовы. Для захавання і развіцця беларускай мовы патрэбны канкрэтныя дасягальныя мэты, акрэсленыя ў нацыянальнай стратэгіі. Па прыкладзе Уэльса для большай эфектыўнасці працы пры распрацоўцы стратэгіі развіцця беларускай мовы беларускім уладам варта запрашаць да супрацы ўсе зацікаўленыя бакі. Нацыянальная стратэгія павінна адлюстроўвацца ў сектаральных дзяржаўных праграмах: асобна для дзяржаўнага сектара, IT-сектара, СМІ, сярэдняй і вышэйшай адукацыі і г.д. Дэтальная распрацоўка доўгатэрміновай стратэгіі і яе адлюстраванне ў адпаведных дзяржаўных праграмах з пазнакай адказных за іх імплементацыю суб’ектаў дазволіць рухацца ў кірунку парытэту дзяржаўных моў.

Замацаваць стандарты выкарыстання беларускай мовы ў моўным заканадаўстве. Укараненне сапраўднага двухмоўя ў дзяржаве патрабуе распрацоўкі канкрэтных стандартаў выкарыстання слабейшай дзяржаўнай мовы. Эфектыўная мадэль моўных стандартаў з дэталёвымі і зразумелымі інструкцыямі іх імплеменацыі, за якімі сочыць моўны амбудсмэн, ужо  выкарыстоўваецца ў Уэльсе для падтрымкі валійскай мовы, і можа стаць прыкладам для Беларусі. Агульнадзяржаўныя стандарты выкарыстання беларускай мовы дазволяць структуравана і паслядоўна ўкараняць беларускую мову ва ўсе асноўныя сферы грамадства, перад усім афіцыйныя.

Выдаваць нарматыўна-прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах. Для забеспячэння парытэту паміж дзяржаўнымі мовамі ў сферы заканадаўства ўсе новыя НПА мусяць прымацца адначасова на беларускай і рускай мовах. Тыя НПА, якія прыняты на адной з дзяржаўных моў, неабходна перакласці на другую дзяржаўную мову. Для гэтага неабходна на заканадаўчым узроўні распрацаваць механізм прызнання перакладу заканадаўства афіцыйным, каб пераклад меў аднолькавую юрыдычную сілу з арыгіналам. Парытэт беларускай і рускай моў у заканадаўстве дазволіць пакласці падмурак для пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў выканаўчай, заканадаўчай і судовай галінах улады.

Чытаць даследванне

Кірыл Гарошка і Алеся Руднік, Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі: заканадаўства і практыка (пад рэдакцыяй Яраслава Крывога)

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *