Беларуска-расійскія дачыненні на фоне канфлікту ва Украіне

Пасля пачатку расійска-ўкраінскага канфлікту Крэмль настойліва спрабуе павялічыць кантроль над Беларуссю, што прыносіць адваротны эфект – цягам 2014–2015 гг. палітыка беларускага ўрада стала больш самастойнай.

У беларуска-расійскіх дачыненнях заўсёды існаваў парадокс адначасовага збліжэння і аддалення.

Сёння другі працэс выглядае мацнейшым, пра што сведчаць змяншэнне вайсковай залежнасці і адмова размяшчэння вайсковай базы на беларускай тэрыторыі; падзенне ролі расійскай эканомікі (выкліканае перадусім крызісам) для Беларусі; разыходжанні ў замежнай палітыцы і медыйнай сферы; канфлікты паміж палітычнымі элітамі абедзвюх краінаў.

Гэта некаторыя высновы новага аналітычнага дакумента “Беларуска-расійскія дачыненні на фоне канфлікту ва Украіне”, які апублікаваў Цэнтр Астрагорскага 1 жніўня.

Уводзіны

Гэтае даследаванне разглядае інтэграцыйныя/дэзынтэграцыйныя тэндэнцыі ў беларуска-расійскіх дачыненнях пасля пачатку пратэстаў ва Украіне ў лістападзе 2013 года. Еўрамайдан, анексія Крыма і вайна ў Данбасе істотна змянілі еўрапейскую палітыку, у тым ліку дачыненні паміж Масквой і Мінскам.

Нягледзячы на шчыльнасць дачыненняў і фармальнае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, якое ўключае таксама і дзейсныя інтэграцыйныя працэсы, па шматлікіх крытэрах Беларусь і Расія аддаляюцца адна ад адной1. Дзве прычыны тлумачаць гэта.

Па-першае, палітыка Крамля адносна Украіны прывяла да пераасэнсавання ўнутры беларускіх уладных колаў магчымых крокаў, якія Расія можа зрабіць у дачыненні да Беларусі. Бадай ніколі дагэтуль беларускія ўлады не ўспрымалі магчымасць расійскай вайсковай аперацыі ўнутры Беларусі настолькі сур’ёзна, заяўляючы пра неабходнасць мець войска, здольнае “быць перакінутым за палову ночы з Брэста ў Віцебск, каб нанесці ўдар”.

Па-другое, заняпад расійскай эканомікі падважвае ролю Крамля як гаранта дабрабыту Беларусі. Ва ўмовах падзення цэнаў на энергарэсурсы, змяншэння ўнутранага рынку, падзення ВУП і золатавалютных рэзерваў Расіі дыверсіфікацыя беларускай эканомікі з прыгожага жадання ператвараецца ў жыццёвую неабходнасць.

Вайсковая дэзынтэграцыя: як сказаць саюзніку “не”

Вайсковае супрацоўніцтва заўсёды было “святой каровай” беларуска- расійскай інтэграцыі, на падставе чаго журналісты і заходнія эксперты дазвалялі сабе сцвярджэнні, што беларускае войска з’яўляецца часткай расійскага.

Адной з падставаў падобнага акрэслення з’яўляецца Адзіная рэгіянальная супрацьпаветраная сістэма, якая, паводле заяваў расійскіх вайскоўцаў, пачала працаваць у 2016 годзе. Сама дамова пра яе стварэнне была падпісаная яшчэ ў 2009 годзе і насамрэч не ўносіць нічога новага ў расійска-беларускае вайсковае супрацоўніцтва. Праўдападобна, што аб’ява пра функцыянаванне супрацьпаветранай сістэмы мае на мэце змякчыць адмову Беларусі размясціць на сваёй тэрыторыі расійскую вайсковую авіябазу.

Адмова ад стварэння авіябазы адлюстроўвае больш шырокі трэнд спробаў Беларусі зменшыць вайсковую залежнасць. Навучанне беларускіх вайскоўцаў у Расіі заўсёды ментальна звязвала беларускае і расійскае войскі – цяжка знайсці сярод найвышэйшых вайсковых чыноў Беларусі каго-небудзь, хто не вучыўся ў Расіі.

Аднак цяпер колькасць беларускіх вайскоўцаў-студэнтаў у расійскіх вайсковых ВНУ змяншаецца – у мінулым навучальным годзе іх было 447, а сёлета – 374.

У супольных вучэннях “Шчыт саюза” ў 2015 годзе ўдзельнічала ў паўтара раза менш вайскоўцаў, чым у “Шчыце саюза – 2011” ці “Захадзе-2013” (~8 тысяч вайскоўцаў супраць ~12 тысяч). Пры тым, што раней вучэнні без Расіі выглядалі ледзь не немагчымымі, то цяпер беларускія дэсантнікі штогод практыкуюцца разам з кітайскімі вайскоўцамі.

Хоць памер гэтых вучэнняў выглядае мізэрным у параўнанні з практыкаваннямі з Расіяй, ён паказвае жаданне Беларусі адшукаць для сябе новых партнёраў.

Кітай наагул стаў заўважным вайсковым партнёрам для Беларусі. Найбольш гэта відаць у супольнай

распрацоўцы зброі, якую праводзяць Мінск і Пекін, прыкладам чаго з’яўляецца сістэма залпавага пуску “Паланэз”.

Няўдача ЕАЭС і эканамічнае супрацоўніцтва

Першы год існавання Еўразійскага эканамічнага саюзу складана назваць удалым для Беларусі. Па-першае, інтэграцыйны праект пераняў практычна ўсе тыя выняткі (каля 600), што існавалі ў Мытным саюзе. Праз падобныя механізмы каля ⅔ тавараў і паслугаў выключаныя з супольнага рынку ЕЭС.

Па-другое, зменшылася эканамічнае ўзаемадзенне паміж краінамі. Згодна з дадзенымі Еўразійскай эканамічнай камісіі, гандаль таварамі Беларусі з краінамі ЕЭС за 2015 году склаў 74,8 % у параўнанні з 2014 годом.

Па-трэцяе, хоць Беларусь дзеля еўразійскай інтэграцыі пайшла на ўвядзенне непапулярных мераў, як павышэнне мытаў на ўвоз аўтамабіляў, рэгуляцыі эканамічнага саюзу служаць у палітычных мэтах Расіі, пра што сведчыць працяг эканамічных войнаў. Па-чацвертае, значэнне нафты і газу, якія гралі ролю адных з найважнейшых матыватараў беларускага далучэння да ЕАЭС, рэзка ўпала.

Разыходжанні ў замежнай палітыцы

2

Небяспечная палітыка і эканамічны заняпад Расіі сталі адным з найважнейшых матыватараў для беларускіх уладаў для нармалізацыі дачыненняў з Захадам. Дадзеныя Беларускага інстытуту стратэгічных даследванняў (BISS) паказваюць, што ад 2013-ага году Беларусь зінтэнсіфікавала свае дачыненні з Еўрапейскім саюзам, а цяпер паказчык кантактаў з ЕС перавышае узровень дачыненняў з Расіяй.

Дадзеныя BISS адлюстроўваюць, што Беларусь пачала нармалізацыю дачыненняў з Еўрапейскім Саюзам і разбудову стасункаў з “краінамі, якія развіваюцца”, на пачатку 2013 года, уключна з падтрымкай еўрапейскай інтэграцыі Украіны. Гэта сведчыць, што пашырэнне дыялогу з Захадам пачалося не праз экспансіянісцкую палітыку Расіі, а з уласных прычынаў.

Хоць, безумоўна, актывізацыя беларускіх кантактаў са светам і павелічэнне адрозненняў паміж замежнымі палітыкамі Мінска і Масквы цягам 2014–2015 гадоў прайшлі шмат у чым дзякуючы эканамічнаму заняпаду і палітыцы Расіі.

Істотна заўважыць, што нармалізацыя дачыненняў Беларусі з Захадам не з’яўляецца спробай геапалітычнага развароту. Пакуль што Беларусь з аднаго боку і Еўрапейскі Саюз ды Злучаныя Штаты з другога не зрабілі ніводнага кардынальнага кроку ў выглядзе буйных эканамічных праектаў (Беларусь дагэтуль не змагла нават атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду), а кантакты ў палітычнай і вайсковай сферах застаюцца на нізкім узроўні.

3

Высновы

Нягледзячы на змяншэнне залежнасцяў Беларусі ад Расіі, наўрад ці дачыненні дойдуць да гучнага разрыву інтэграцыйных адносінаў.

Па-першае, Беларусь хоць і змяншае значэнне Расіі для сябе, але застаецца празмерна залежнай ад фінансавання з Расіі ў выглядзе крэдытавання, “субсідыяў” з Расіі ў выглядзе зніжак на нафту і газ ды доступу да супольнага рынку. Гэтаксама Аляксандру Лукашэнка важна, каб Расія прызнавала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Па-другое, Беларусь застаецца вельмі важнай краінай для Расіі, таму Крэмль не дазволіць на поўную дэзінтэграцыю краінаў.

Пакуль жа працэс аддалення будзе далей працягвацца, што звязана ў тым ліку са зменамі пакаленняў унутры грамадстваў. Колькасць беларусаў, якія жылі ў адной дзяржаве з Расіяй, стала змяншаецца, з’яўляецца новая наменклатурная эліта, колькасць людзей, якія ідэнтыфікуюць сваю нацыянальнасць як рускую, змяншаецца, ажывае зацікаўленасць беларускай культурай, моладзь становіцца больш адкрытай свету.

Апошняе, але не менш істотнае – у Беларусі сфармаваўся палітычны клас, які прызвычаіўся да суверэннай улады, калі рашэнні прымаюцца самастойна.

Рыгор Астапеня і Дзмітрый Балкунец

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *