
Беларусь вяртаецца ў цэнтр увагі міжнароднай супольнасці, але гэтым разам не толькі як “апошняя дыктатура Еўропы”. Два саміты па пытаннях канфлікту на ўсходзе Украіны, якія Мінск прыняў цягам апошняга года, сведчаць пра асцярожныя зрухі ў палітычным курсе Беларусі. Хоць Беларусь была хутчэй брокерам, чым сапраўды нейтральным удзельнікам перамоў, вынікам якіх сталі два “Мінскія пагадненні”, беларускі ўрад мае глыбокую заклапочанасць, выкліканую атакай Расіі на суверэнітэт яе суседкі.
У адказ Мінск зрабіў крокі, каб дыстанцыявацца ад свайго “старэйшага брата”. Беларусь не прызнала афіцыйна анексію Крыма і заклікала накіраваць міжнародную міратворчую місію ва Украіну, у склад якой уваходзілі б беларускія войскі. Яна нават заклікала Злучаныя Штаты ўзяць больш актыўны ўдзел у спыненні крызісу. Акрамя таго, эканамічная залежнасць Беларусі ад Расіі прыводзіць да праблем: аддача ад рэцэсіі ў Расіі і падзенне цэн на нафту моцна ўдарылі па Беларусі ў год, калі маюць адбыцца прэзідэнцкіх выбараў.
Тым не менш Беларусь дамаглася высокай платы, у тым ліку пазыкі на суму 3 мільярды долараў, за далейшы ўдзел у Еўразійскім саюзе – улюбёным праекце Уладзіміра Пуціна, які пачаў функцыяваць 1 студзеня 2015 года. Карэктаванне ў палітычным пазіцыянаванні Беларусі даюць Еўрапейскаму саюзу шанс перагледзець свае адносіны з краінай пасля перыяду, цягам якога жорсткая лінія ЕС была малавыніковай, і ў час, калі крызіс ва Украіне падахвочвае ЕС да пераацэнкі сваёй палітыкі ў дачыненні да ўсходніх суседзяў.
У адрозненне ад Азербайджана, дзе рэжым выкарыстаў крызіс ва Украіне для атакі на апазіцыю, беларускія ўлады спрабуюць пабудаваць масты і пашырыць сваю падтрымку. Яны не спрабуюць наладзіць кантакты з палітычнай апазіцыяй, якая застаецца слабой і падзеленай і якая, імаверна, як і раней, зазнае пераслед падчас выбарчай кампаніі. Але яны зрабілі асцярожныя крокі ў кірунку прасоўвання беларускай мовы і ідэнтычнасці. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Ёсць асобныя разумнікі, якія заяўляюць, што Беларусь – гэта, як яны кажуць, частка рускага свету і ледзь не Расіі. Забудзьце! Беларусь – суверэнная і незалежная дзяржава».
Прыйшоўшы да ўлады як змагар з традыцыйнымі беларускімі нацыяналістамі, Лукашэнка раней абапіраўся на цьмянае пачуццё грамадзянскай рускамоўнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Цяпер, як падаецца, ён адчувае, што доўгатэрміновае выжыванне яго рэжыму павінна быць пабудавана на нейкім больш трывалым падмурку. Гэтыя сціплыя захады па ўмацаванні беларускай ідэнтычнасці ўзмацнілі напружанне ў дачыненнях з Расіяй.
Асобныя радыкальна-нацыяналістычныя групоўкі ў Расіі нават афіцыйна перавялі Лукашэнку з лагеру “сяброў” у лагер “ворагаў”. Беларускія ўлады сталі рабіць асцярожныя дыпламатычныя рэверансы ў бок ЕС. Такой кампаніі не было з таго часу, калі Лукашэнка распачаў кароткі перыяд узаемадзеяння з ЕС падчас папярэдняга раўнду расійскага ціску і эканамічных праблем у 2009–2010 гадах.
Тады ён сабатаваў гэтыя намаганні, правёўшы масавыя арышты следам за непрызнанымі Захадам выбарамі ў снежні 2010 года. ЕС стаіць перад дылемай. З аднаго боку, ён не хоча, каб выглядала, нібыта ён падтрымлівае аўтарытарнага лідара. З другога боку, пасля расійскага ўварвання ва Украіну можна прыводзіць аргументы на карысць падтрымкі ўсіх уцягнутых у змаганне суседзяў Расіі, як сяброў, так і ворагаў, бо палітыка стала з ног на галаву ва ўсім рэгіёне.
І Беларусь можа стаць часткай рашэння праблемы, калі ўзаемадзеянне з новым Еўразійскім саюзам (Расіяй, Беларуссю, Казахстанам і Арменіяй) будзе прасцейшым, чым узаемадзеянне з адной толькі Расіяй, альбо калі Захад зможа ўмацаваць партнёраў Расіі ў якасці процівагі больш напорыстай Расіі. Расія, аднак, можа цалкам паглынуць больш ізаляваную Беларусь, не зважаючы на тое, ці застанецца Лукашэнка ва ўладзе.
ЕС выпрабаваў амаль усе магчымыя падыходы да Беларусі з таго часу, як Лукашэнка ўпершыню быў абраны на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе. Дачыненні былі “замарожаныя” пасля таго, як ён неканстытуцыйна кансалідаваў уладу ў 1996 годзе. Гвалтоўнае знікненне шэрагу яго асноўных апанентаў у 1999–2000 гадах прывяло да першага раўнду санкцый з боку ЕС у 2004 годзе, якія Еўропа дапоўніла спробамі падтрымаць апазіцыю і грамадзянскую супольнасць.
Пасля правалу кароткага перыяду ўзаемадзеяння з рэжымам у 2009–2010 гадах ЕС увёў новыя санкцыі. Папярэдні перыяд узаемадзеяння паміж Захадам і Беларуссю ў 2009–2010 гадах адрозніваўся ад цяперашняга тым, што ў той час беларускія ўлады таксама зрабілі пэўныя абмежаваныя крокі ў кірунку ўнутрыпалітычнай лібералізацыі. У ЕС меркавалі, што змогуць выкарыстаць узаемадзеянне для заахвочвання гэтай лібералізацыі. ЕС усё рабіў збольшага правільна, але Лукашэнка адкінуў гэтую палітыку, баючыся ўнутранага выкліку сваёй уладзе.
Гэтым разам Лукашэнка шукае больш абмежаванага ўзаемадзеяння з ЕС з прычыны вонкавай пагрозы з боку Расіі і таму, што ён занепакоены, што з боку Украіны могуць распаўсюдзіцца беспарадкі і патрабаванні дэмакратызацыі. Як ні дзіўна, гэта можа азначаць, што ў гэтым выпадку яго замежнапалітычныя рэверансы ў заходнім кірунку маюць мацнейшы ўнутраны падмурак. Але Захад павінен вырашыць, ці хоча ён прыняць гэтую прапанову – дапамагаць умацоўваць беларускую дзяржаўнасць, а не падтрымліваць унутраныя патрабаванні рэформ.
Рэзюмэ даследавання:
- Беларусь заклапочана дзеяннямі Расіі ва Украіне і спрабуе дыстанцыявацца ад Расіі, у тым ліку адмаўляючыся афіцыйна прызнаваць анексію Крыма і заклікаючы да правядзення міратворчай аперацыі. Яна таксама церпіць ад наступстваў эканамічнага спаду ў Расіі.
- Прэзідэнт Лукашэнка зрабіў крокі па заахвочванні беларускай мовы і ідэнтычнасці, каб супрацьстаяць расійскаму ўплыву. Але ён не рухаецца да большага ўзаемадзеяння з палітычнай апазіцыяй.
- Крызіс ва Украіне ўмацаваў непрыняцце беларускім народам рызыкі і знізіў імавернасць пратэстаў пасля запланаваных сёлета выбараў.
- Малаверагодна, каб Мінск адмовіўся ад сваёй у цэлым прарасійскай арыентацыі, але ён зрабіў асцярожныя дыпламатычныя рэверансы ў бок ЕС.
- ЕС не здолеў дамагчыся правядзення палітычных рэформ у Беларусі праз палітыку санкцый, якія, магчыма, падштурхнулі Беларусь у бок Расіі. Цяпер ЕС трэба засяродзіцца не толькі на прасоўванні дэмакратыі, але і на ўмацаванні беларускага грамадства, што будзе спрыяць інтарэсам Еўропы ў доўгатэрміновай перспектыве.
- ЕС павінен дапамагчы Беларусі мадэрнізаваць мадэль дзяржаўнага будаўніцтва праз узаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю, дапамогу ў правядзенні эканамічных рэформ, паніжэнне візавага бар’еру, прасоўванне ведаў пра ЕС і супрацьдзеянне расійскай прапагандзе.
Чытаць даследаванне «Ад санкцый да самітаў: Беларусь пасля крызісу ва Украіне» цалкам.
Social Icons