На Блізкім Усходзе Беларусь выбірае пераможцаў

29−31 сакавіка памочнік прэзыдэнта па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Віктар Лукашэнка пад маркай наведаньня V Міжнароднай выставы ваенна-марской абароны DIMDEX знаходзіўся ў Катары. Там ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам і міністрам унутраных спраў гэтай краіны Абдулом бін Насэр бін Халіфа аль-Тані абмеркаваўшы таксама пытаньні двухбаковых адносін. Катар актыўна падтрымлівае працэс устараненьня радыкальных арабскіх рэжымаў, у тым ліку сырыйскага ўрада. Пра месца Віктара Лукашэнкі ў афіцыйнай структуры можна спрачацца, але яно дакладна не апошняе. Таму візыт красамоўны.

Паездку гэтую яшчэ лепей можна ацаніць у параўнаньні. Прыблізна за месяц да таго Менск паслаў сустрэцца з прэзыдэнтам Сырыі Башарам Асадам… дэлегацыю камуністычнай партыі Беларусі. Пра месца кампартыі ў палітычнай структуры Беларусі таксама можна спрачацца – бутафорскае яно ці проста маргінальнае. І перадаваў пасланьне Менска сырыйскаму кіраўніцтву чалавек, што займае пасаду заступніка старшыні Менгарвыканкама. Наўрад ці мог беларускі ўрад неяк больш дыстанцыявацца ад гэтага візыту.

Гэта – ня новая палітыка. Даўно мінулі часы калі Менск кідаў выклікі Захаду. Пачало ўжо нават і забывацца, як беларускі прэзыдэнт выпраўляўся ў бамбаваны самалётамі АПАД (НАТО) Бялград, як Менск прымаў напярэдадні амэрыканскага ўварваньня ў Ірак ірацкіх міністраў, як прэзыдэнт Лукашэнка частаваў бэшчанага ў заходніх СМІ за падзеі ў Дарфуры суданскага калегу, а беларускія і іранскія ўрадоўцы найвышэйшага рангу езьдзілі адзін да аднаго на тле супрацьстаяньня Тэгерана і Захада з-за іранскай ядравай праграмы.

Цяпер прыярытэты іншыя. Менск, вядома, падтрымлівае пэўныя кантакты з краінамі, якія вадзяцца з Захадам ці перасьледуюць нейкія ідэйныя праекты. Але гэта цяпер збольшага ўзровень ні да чаго не абавязваючых сустрэчаў у кулюарах міжнародных канфэрэнцыяў, паездак на ўзроўні заступніка міністра ці музэйнай палітычнай партыі.

На Блізкім Усходзе курс стабільна трымаецца на афіліяваныя з Захадам рэжымы: арабскія манархіі Пэрсыдзкай затокі, Турэччына ды курдзкі рэжым на поўначы Ірака. Не сказаць, каб гэтыя зьмены былі беспадстаўнымі – празрыстыя матэрыяльныя разьлікі тлумачаць усё.

У сьвеце цынічнай міжнароднай палітыкі Менск проста прымаў запрашэньні, ад якіх немагчыма было адмовіцца, і стараўся не апынуцца на баку прайграўшых. Тыя ж самыя стасункі з Катарам пачалі жвавей расьці, калі заможныя шэйхі дапамаглі беларускаму кіраўніцтву зразумець выгоднасьць адмовы ад падтрымкі тады яшчэ незамардаванага лібійскага кіраўніка або згортваньня супрацы з Іранам і Сырыяй. Адным словам, Беларусь збольшага навучылася жыць у сучасным сьвеце.

Напісаць адказ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *